Міжнародны навуковы форум адбудзецца 3 снежня ў фармаце онлайн і аб'яднае 120 удзельнікаў з 4 краін.
У гэтым годзе Міжнародны навуковы форум прымеркаваны да 160-годдзя выдатнага вучонага-славіста, этнографа, даследчыка мовы, літаратуры і культуры беларускага народа, акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук, аўтара працы «Беларусы» Яўхіма Фёдаравіча Карскага, а таксама 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і філалагічнага факультэта, які ў свой час выступіў ініцыятарам правядзення Карскіх чытанняў. З 2016 года арганізатарам навуковага форуму з'яўляецца калектыў кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта.
На пленарным пасяджэнні на платформе Zoom запланавана выступленне вядучых вучоных з Расіі, Украіны, Беларусі. Падчас адкрыцця канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя кнігі, напісанай праўнукам вучонага Аляксандрам Карскім, - «Акадэмік Я.Ф. Карскі. Біяграфія». Другая палова працоўнага дня канферэнцыі будзе прысвечана секцыйным пасяджэнням, якія адбудуцца на платформе Google Meet. Усе спасылкі на пленарныя і секцыйныя пасяджэнні будуць размешчаны на сайце канферэнцыі. Таксама на сайце ёсць спасылка на паўнатэкставую базу зборнікаў навуковых артыкулаў і зборнікаў матэрыялаў Карскіх чытанняў за перыяд з 1991 па 2020 гады, якая была створана пры падтрымцы Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Напярэдадні правядзення XV Карскіх чытанняў быў выдадзены двухтомны зборнік навуковых прац, у які ўвайшоў нарыс ідэйнага натхняльніка форуму, прафесара Марыі Канюшкевіч "Карскія чытанні скрозь прызму часу і памяці", а таксама ў зборнік уключана "Поўная бібліяграфія прац пра акадэміка Я.Ф. Карскага", падрыхтаваная яго праўнукам Аляксандрам Карскім.