Сучасныя тэндэнцыі ў развіцці журналістыкі Ігар Луцкі абмеркаваў з купалаўцамі, якія толькі робяць першыя крокі ў прафесіі журналіста.
Задаць пытанні Міністру змаглі як студэнты-першакурснікі, так і магістранты, будучыя і маладыя журналісты. Падчас дыялогу былі закрануты самыя розныя тэмы, якія тычацца і развіцця новых тэхналогій, і трансфармацыі спосабаў падачы журналісцкіх матэрыялаў, і асаблівасцяў працы рэгіянальных СМІ. Гаварылі не толькі пра каштоўнасць прафесійных навыкаў, але і пра тое, наколькі важна для журналіста мець цвёрдую грамадзянскую пазіцыю.
- Праз некалькі гадоў вы прыйдзеце працаваць у сродках масавай інфармацыі, а некаторыя з вас ужо працуюць. І мне цікава даведацца, пра што вы думаеце, якія пытанні вас хвалююць, - заклікаў да адкрытага дыялогу ўдзельнікаў сустрэчы Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі.
Ён адзначыў, што для яго, як кіраўніка профільнага міністэрства, вельмі важная зваротная сувязь як з ужо адбыўшыміся прафесіяналамі ў сферы журналістыкі, так і са студэнтамі. Ігар Луцкі запэўніў, што гатовы адказаць на любыя пытанні і чакае, што сённяшняя сустрэча не ператворыцца ў лекцыю, а стане абменам думкамі па актуальных праблемах.
- Зараз актыўна развіваецца вэб-журналістыка, і, вядома, складана казаць пра доўгатэрміновыя перспектывы для друкаваных СМІ. Асвойвае новыя каналы камунікацыі са сваім гледачом і тэлебачанне. Так, тэлеканал «СТВ» зрабіў у свой час стаўку на развіццё свайго ютуб-канала. Але я б хацеў звярнуць увагу на тое, што, на самай справе, не так важна, якія каналы камунікацыі выкарыстоўвае журналіст. Большае значэнне мае яго прафесіяналізм, яго ўменне фармуляваць свае думкі, ясна выкладаць свой пункт гледжання. А я перакананы, што ў журналіста павінна быць выразная грамадзянская пазіцыя, - падкрэсліў Ігар Луцкі.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі таксама пытанні падрыхтоўкі маладых журналістаў, пагаварылі аб перавагах і недахопах адукацыйнага працэсу ў аддаленым фармаце, закранулі тэму ўсё нарастаючага патоку інфармацыі і звязаную з гэтым праблему распазнання так званых фэйкавых навін. Купалаўцы распавялі Міністру аб тым, што імі ўжо некалькі гадоў паспяхова рэалізуецца праект «Медыяпісьменнасць», асноўная аўдыторыя якога - вучні старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ.
У працяг тэмы аб павышэнні якасці адукацыйнага працэсу рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што ва ўніверсітэце шмат робіцца для практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых журналістаў. Сумесна з Міністрам інфармацыі яна анансавала сустрэчу з галоўнымі медыйнымі персонамі Беларусі - кіраўнікамі рэспубліканскіх СМІ, вядомымі журналістамі, якая адбудзецца ў бліжэйшы час у Купалаўскім універсітэце.
- Упэўнена, што гэта будзе цікавая і вельмі карысная для вас, як для будучых прафесіяналаў, сустрэча. Думаю, яна нават можа стаць адной з галоўных кропак прафесійнага росту для нашых будучых і пачынаючых журналістаў, - сказала рэктар Ірына Кітурка.
На заканчэнне сустрэчы Ігар Луцкі падзякаваў студэнтам за цікавыя пытанні і адзначыў іх шчырую зацікаўленасць у будучай прафесіі.