Газета «Гродзенскі ўніверсітэт» стала пераможцам XVI Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара» у намінацыі «Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі».
Ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў Доме прэсы ў Мінску 18 снежня. «Залатую літару» прадстаўнікам Купалаўскага ўніверсітэта ўручыў першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі.
Пра тое, што штомесячная газета Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заваявала галоўную ўзнагароду конкурсу ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі" сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ стала вядома яшчэ ў маі. Для газеты «Гродзенскі ўніверсітэт» - гэта ўжо другая «Залатая літара». Упершыню галоўную журналісцкую ўзнагароду ў той жа намінацыі купалаўцы заваявалі ў 2017 годзе.
Нацыянальны конкурс "Залатая літара" праводзіцца штогод па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе на конкурс было прадстаўлена каля 400 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў, персаналій. Арганізатары адзначылі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства па ўсіх намінацыях.