Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук вызначыла лепшыя вынікі працы навукоўцаў у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.
Калектыў аўтараў Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы апынуўся ў спісе лепшых за распрацоўку біямедыцынскай тэхналогіі аднаўлення клетак печані на аснове комплексу фізіялагічна актыўных злучэнняў, якія валодаюць высокай антыаксідантнай і супрацьзапаленчай актыўнасцю.
У навуковы калектыў пры правядзенні даследавання ўвайшлі прафесар кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ілля Заводнік і супрацоўнікі Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі: доктар біялагічных навук, прафесар Вячаслаў Буко, кандыдат біялагічных навук Аксана Лукіўская, кандыдат біялагічных навук Алена Нарута, навуковыя супрацоўнікі Алена Беланоўская і Сяргей Кірко.
Аўтары даследавалі механізмы ахоўных і рэгуляторных эфектаў прэпаратаў, атрыманых імі з раслін, якія растуць на тэрыторыі Беларусі (поліфенолы пладоў журавін, бетулін з кары бярозы) у эксперыментальнай мадэлі хранічнага таксічнага паражэння печані ў пацукоў. Навукоўцы сфармулявалі і даказалі гіпотэзу, згодна з якой спрыяльныя гепатапратэктарныя эфекты доследных біялагічна актыўных злучэнняў расліннага паходжання апасродкаваны прадухіленнем парушэнняў структуры і функцыі печані пры таксічным паражэнні, што, у сваю чаргу, можна растлумачыць антыаксідантнай, супрацьзапаленчай, рэгуляторнай актыўнасцю злучэнняў, іх мембранастабілізіруючым патэнцыялам. Вынікі фундаментальных даследаванняў апублікаваны ў выглядзе цыкла артыкулаў у высокарэйтынгавых міжнародных выданнях.
Таксама ўвайшоў у топ-10 вынікаў працы навукоўцаў НАН аўтарскі калектыў Інстытута біяарганічнай хіміі і Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі за ідэнтыфікацыю метадамі камп'ютарнага скрынінга і малекулярнага мадэлявання патэнцыйных інгібітараў каронавіруса SARS-CoV-2.
Загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання Інстытута прыродакарыстання НАН Сяргей Какарэка адзначаны за колькаснае мадэляванне распаўсюджвання аэразольна-газавых прымесяў у атмасферы Беларускай антарктычнай станцыі і ўсталяванне тэндэнцый іх змены за 30-гадовы перыяд.
Таксама ў ліку пераможцаў - калектыў навукоўцаў Інстытута фізікі ім. Б.І.Сцяпанава (за ўсталяванне механізму дзеяння актыўных формаў кіслароду ў рэалізацыі эфектаў фотабіястымуляцыі нізкіаінтэнсіўным лазерным выпраменьваннем рэпрадуктыўнай функцыі жывёл) і аграрыі НПЦ па земляробстве (за стварэнне гетэрозісных гібрыдаў азімага жыта на аснове сістэмы цытаплазматычнай стэрыльнасці як асновы павышэння генетычнага патэнцыялу).
Аўтарскі калектыў Аб'яднанага інстытута машынабудавання і Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя. В.А.Белага будзе ўзнагароджаны за стварэнне інфармацыйных мадэляў - лічбавых двайнікоў гідра- і электрамеханічных прывадаў для праектавання і маніторынгу транспартных машын новага пакалення.
Сярод тых, хто трапіў ў дзесятку лепшых - калектыў навукоўцаў Інстытута цепла- і масаабмену імя. А.В.Лыкава за распрацоўку і прымяненне механахімічнага нанамадыфіцыравання шматфункцыянальных кампазіцыйных пакрыццяў кампанентаў мікратэхнікі.
Навукоўцы Інстытута біяарганічнай хіміі ўвайшлі ў лік пераможцаў за выяўленне фенамену паскарэння фасфароліза нуклеазідаў шляхам імабілізацыі ферментных субстратаў на аніонаабменніках як асновы для высокаэфектыўнага сінтэзу проціпухлінных прэпаратаў.
Аўтарскі калектыў Інстытута мікрабіялогіі ўзнагародзяць за стварэнне рэкамбінантных штамаў бактэрый - прадуцэнтаў чалавечага бялку анэксіну ў адзінстве з адэназін-дэградуючымі ферментамі як асновы стварэння біяпрэпаратаў новага пакалення.
Навукоўцы НПЦ па біярэсурсах вызначылі ступень матэматычнай значнасці велічынь рызык пранікнення і распаўсюджвання чужародных відаў водных беспазваночных на тэрыторыі Беларусі.
Узнагароджанне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў канцы студзеня 2021 года.
Па матэрыялах БЕЛТА