Конкурс «Лепшая група ўніверсітэта - 2021» пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы з 19 сакавіка па 29 красавіка.
Конкурс закліканы раскрыць творчы патэнцыял навучальных груп універсітэта і з'яднаць студэнтаў у працэсе падрыхтоўкі да конкурсу. Прыняць удзел у ім могуць навучальныя групы ўсіх факультэтаў дзённай формы навучання.
Лепшую групу ўніверсітэта будуць вызначаць у два этапы. Завочны этап спаборніцтва прадугледжвае конкурс партфоліо «Мы - каманда» і конкурс відэаролікаў «Наша група лепш за ўсіх». У рамках конкурсу партфоліо ўдзельнікі павінны даць аргкамітэту конкурсу матэрыялы, якія адлюстроўваюць дасягненні студэнтаў групы ў вучобе, навуцы, творчасці, грамадскай і спартыўнай дзейнасці, а ў якасці працы на конкурс відэаролікаў арганізатары чакаюць ад удзельнікаў відэагісторыю аб сваёй групе.
У фінале конкурсу, які адбудзецца ў Купалаўскім універсітэце 29 красавіка, пройдзе конкурс «Прэзентацыя групы», дзе рабятам неабходна будзе прэзентаваць сябе ў любой творчай форме, і творчы конкурс, дзе групы прадставяць выступы розных жанраў, дэманструючы таленты і ўменні удзельнікаў.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 24 сакавіка ў аргкамітэт па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, каб. 308.