У ГрДУ імя Янкі Купалы 18 сакавіка адбыўся дыялог студэнтаў са старшынёй Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыславам Гоем.
Разам з Мечыславам Гоем на сустрэчы са студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта прысутнічалі кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна Іван Курман і генеральны дырэктар Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Савашэвіч.
- Так склалася, што навучальныя будынкі і інтэрнаты нашага ўніверсітэта размешчаны ў розных частках горада, - адзначыла ў сваім вітальным слове рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Упэўнена, што ў студэнтаў ёсць нямала пытанняў, якія тычацца развіцця горада, кампетэнтныя адказы на якія можна атрымаць з першых вуснаў.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за магчымасць пагутарыць са студэнцкай моладдзю і адзначыў, што ён, у сваю чаргу, чакае пачуць ад маладых людзей цікавыя ідэі, ініцыятывы, якія дапамогуць зрабіць наш горад яшчэ лепшым.
- Горад Гродна развіваецца, мы пастаянна адкрываем новыя працоўныя месцы, будуем арэнднае жыллё. У горадзе сёння не хапае 3,5 тысячы спецыялістаў рознага ўзроўню. Прыцягваць іх з іншых рэгіёнаў прасцей, калі мы можам дапамагчы ім у вырашэнні праблем з жыллём. Таму мы працягваем будаваць арэнднае жыллё і прапаноўваць яго супрацоўнікам прадпрыемстваў на льготных умовах, - адзначыў Мечыслаў Гой.
Студэнты факультэта эканомікі і кіравання ў ходзе сустрэчы выказалі зацікаўленасць у тым, каб прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі больш актыўна ўдзельнічалі ў працэсе падрыхтоўкі кадраў. Адказваючы на пытанне, старшыня гарвыканкама прапанаваў садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы студэнтаў з кіраўнікамі вядучых гродзенскіх прадпрыемстваў. Студэнтаў старэйшых курсаў цікавілі перспектывы працаўладкавання, а таксама пытанні сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў. Пагаварылі і пра летнюю працоўную занятасць студэнтаў. Мечыслаў Гой адзначыў, што ў бліжэйшы час ён правядзе нараду, у выніку якой будзе больш дэталёва прапрацавана пытанне з прадпрыемствамі аб працаўладкаванні студэнтаў у рамках трэцяга працоўнага семестра.
- Падайце нам дакладную колькасць жадаючых ад універсітэта папрацаваць летам, і мы будзем вырашаць пытанне, - сказаў Мечыслаў Гой. - Але ўжо зараз магу сказаць, што дапамога студэнтаў будзе патрэбна і на будаўнічай пляцоўцы новага анкалагічнага цэнтра ў Гродне, і на прадпрыемствах жыллёва-камунальнай-гаспадаркі знойдзецца для вас сезонная праца, і ў дарожным будаўніцтве можа быць карыснай дапамога студэнтаў.
У ходзе сустрэчы былі агучаны пытанні добраўпарадкавання тэрыторый каля некаторых навучальных карпусоў Купалаўскага ўніверсітэта - пыталіся студэнты пра рамонт дарог і ўладкаванне новых пешаходных пераходаў. Мечыслаў Гой прапанаваў купалаўцам ў бліжэйшы час разам наведаць праблемныя ўчасткі дарог, на якія яны паказалі. У той жа час старшыня гарвыканкама адзначыў, што запланаваны бягучы рамонт усіх праблемных участкаў дарог у горадзе. Больш грунтоўныя работы ў гэтым годзе плануецца правесці па вуліцах 17 верасня, Лізы Чайкінай і Міцкевіча.
- Хачу адзначыць, што вясной мы прыступаем да традыцыйнага навядзення парадку ў горадзе. Хутка пачнецца пасадка дрэў, добраўпарадкаванне паркаў і іншыя вясновыя працы. Будзем рады, калі студэнты нам у гэтым дапамогуць, - адзначыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама.
Дыялог доўжыўся больш за дзве гадзіны. Пагаварылі і пра ўплыў пандэміі на эканоміку рэгіёну, і аб развіцці турыстычнай галіны, і пра тое, ці адбудзецца сёлета Фестываль нацыянальных культур. У каментары да пытання пра фестываль, Мечыслаў Гой сказаў, што рашэнне прымаецца на ўзроўні рэспублікі, і пакуль канчатковага адказу няма.
- Але перад намі стаіць яшчэ адна важная задача, якую, я спадзяюся, мы будзем вырашаць з вамі разам. Я кажу аб рэалізацыі плана мерапрыемстваў у рамках моладзевай сталіцы. Гродна ўдастоены гэтага статусу ў 2021 годзе, гэта вялікая адказнасць. Спадзяюся на вашыя ідэі, ініцыятывы і актыўны ўдзел, - звярнуўся да студэнтаў старшыня гарвыканкама.
Удзельнікі дыялогу закранулі таксама тэму развіцця спорту і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Мечыслаў Гой адзначыў, што паколькі ён з'яўляецца яшчэ і старшынёй Гродзенскай абласной федэрацыі футбола, то імкнецца знаходзіць час для гульні ў футбол.
- У купалаўцаў ж ёсць футбольная каманда, чаму б нам не арганізаваць спартыўную сустрэчу дзвюх каманд - старшыні гарвыканкама і Купалаўскага ўніверсітэта. Прызначайце час, - прапанаваў Мечыслаў Гой.
Падводзячы вынікі дыялогу, яго ўдзельнікі пагадзіліся, што сустрэча студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы з кіраўніком горада прайшла прадуктыўна. Рэктар універсітэта Ірына Кітурка падзякавала студэнтам за актыўнасць, а старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта пажадаў рабятм паспяховай вучобы, моцнага здароўя і задавальнення ад будучай прафесійнай дзейнасці.