Купалаўскі ўніверсітэт прапануе абітурыентам 2021 года новыя спецыяльнасці - «Электрычны і аўтаномны транспарт», а таксама «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога».
Навучанне па спецыяльнасці «Электрычны і аўтаномны транспарт» будзе ажыццяўляцца на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы. Тэрмін атрымання адукацыі - 4 гады, кваліфікацыя - інжынер-электрамеханік. Для паступлення на гэтую спецыяльнасць неабходна паспяхова здаць ЦТ па беларускай або рускай мове, матэматыцы і фізіцы.
На педагагічным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта з гэтага года пачнуць рыхтаваць спецыялістаў з кваліфікацыяй «Педагог сацыяльны. Педагог-псіхолаг». Каб паступіць на спецыяльнасць «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога», абітурыентам неабходна будзе здаць уступны экзамен па беларускай або рускай мове, біялогіі і гісторыі Беларусі. Тэрмін атрымання адукацыі - 4 гады.
Акрамя таго, у гэтым годзе ўпершыню ГрДУ імя Янкі Купалы аб'яўляе набор па спецыяльнасці «Лагапедыя» у завочнай скарочанай форме атрымання адукацыі, на якую могуць паступаць выпускнікі, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях «Дашкольная адукацыя» і «Пачатковая адукацыя» са спецыялізацыяй «Лагапедыя». Дарэчы, паступіць на навучанне на спецыяльнасць «Лагапедыя» у завочнай скарочанай форме абітурыенты 2021 года могуць толькі ў Купалаўскім універсітэце.
З 2021 года пашырыцца і пералік спецыяльнасцяў дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі. Ён папоўніцца яшчэ адной спецыяльнасцю - «Правазнаўства» ў завочнай поўнай форме навучання.
Усяго ў 2021 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы будзе ажыццяўляцца набор па 54 спецыяльнасцях. План набору складзе 2300 месцаў, з іх 1095 - на бюджэтную форму, што на 35 месцаў больш, чым у 2020 годзе, і 1205 - на платнай аснове, што на 103 месцы менш у параўнанні з мінулым годам.