Алімпіяда для вучняў 5 - 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і навучэнцаў каледжаў адбудзецца з 29 па 31 сакавіка.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 28 сакавіка ўключна па адрасе электроннай пошты kaf_anglfil@grsu.by. Спасылка на праходжанне алімпіяды будзе даступная 29 сакавіка ў 13.00 на сайце філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама ў афіцыйным акаунце кафедры англійскай філалогіі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Алімпіяда прадугледжвае правядзенне двух тураў. У рамках першага тура, які будзе праходзіць завочна, вучням прапануюць выканаць лінгвістычны квіз, размешчаны на базе GoogleForms. Допуск да другога тура атрымаюць удзельнікі, якія прадэманстравалі найбольш высокі ўзровень падрыхтоўкі па выніках завочнага этапу. Падчас другога тура, які адбудзецца вочна, вучням трэба будзе выканаць творчую працу па англійскай мове ў вуснай форме.
Пераможцы і прызёры будуць вызначаныя ў асабістым заліку па выніках праходжання двух этапаў. Пераможцы алімпіяды атрымаюць пераважнае права на залічэнне па спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» і «Рамана-германская філалогія» пры роўнай агульнай колькасці набраных балаў у адпаведнасці з парадкам залічэння студэнтаў у ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2021 годзе.
Арганізатарам алімпіяды па англійскай мове «English Challenge» выступае філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта. Алімпіяда праводзіцца з мэтай прафесійнай арыентацыі вучняў старэйшых класаў, а таксама падтрымкі і развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу адораных і таленавітых школьнікаў.