У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі трох гродзенскіх універсітэтаў, а таксама вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута славяназнаўства РАН.
Адкрыла панэльную дыскусію «100-годдзе Рыжскага міру ў гістарычнай рэтраспектыве» рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка. У сваім прывітальным слове яна адзначыла важнасць гэтай падзеі для беларускага народа.
- Тое, што адбылося 100 гадоў таму назад, не можа не адгукнуцца ў сэрцы кожнага беларуса, - падкрэсліла Ірына Кітурка. - З падпісаннем Рыжскага міру скончыліся ваенныя дзеянні, якія панавалі на нашай зямлі з 1914 года. 18 сакавіка 1921 года і 17 верасня 1939 года - гэтыя дзве даты варта разглядаць непарыўна, паколькі яны даказваюць, як важна народу быць адзіным. Сімвалічна - гэты год у нашай краіне аб'яўлены Годам народнага яднання. Сёння мы адзіны беларускі народ, у якога ёсць сваё суверэнная дзяржава. Я хачу, каб вы сэрцам адчулі тое, пра што будуць гаварыць сёння нашы гісторыкі.
Мадэратарам панэльнай дыскусіі, прысвечанай стагоддзю падпісання Рыжскага мірнага дагавора, выступіў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Горны. Ён звярнуў увагу на тое, што ў абмеркаванні прымаюць удзел спецыялісты па найноўшай гісторыі Беларусі, у тым ліку прадстаўнікі ўсіх універсітэтаў г. Гродна.
- 18 сакавіка 1921 года беларускія землі былі падзелены на дзве часткі. Наступствы гэтага падзелу мы адчуваем па сённяшні дзень, - адзначыў Аляксандр Горны. - 100 гадоў таму Беларусь знаходзілася ў стане стварэння сваёй нацыі, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, але Рыжскі мірны дагавор гэтаму перашкодзіў. Працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа затармазіўся на 20 гадоў. Нам вельмі важна разумець гістарычныя прычыны Рыжскага міру, каб у будучыні ніколі не дапусціць падобных раздзелаў тэрыторыі Беларусі.
Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі пытанні польска-савецкай вайны 1919 - 1921 гадоў, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання беларускіх зямель у 1920-я гады, прававога статусу беларускага насельніцтва ў Польшчы пасля Рыжскага міру, развіцця Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Сваім экспертным меркаваннем падчас актыўнага абмеркавання асноўных напрамкаў панэльнай дыскусіі падзяліўся кандыдат гістарычных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Мазец.
- Падпісаннем Рыжскай дамовы завяршылася польска-савецкая вайна, - адзначыў Валянцін Мазец. - Беларусы не былі дапушчаныя да гэтых перамоваў. Фактычна без уліку нацыянальных інтарэсаў беларусаў ажыццяўляўся чарговы раздзел нашай тэрыторыі. Варта адзначыць, што ні адна з беларускіх палітычных сілаў, якія дзейнічалі на той момант, не пагадзілася з умовамі Рыжскага мірнага дагавора. Беларускія газеты ў той час пісалі, што гэтая дамова закладвае міну запаволенага дзеяння пад усю канструкцыю пасляваеннай Еўропы. Прадказвалі, што гэты мір будзе недаўгавечным, таму што ўяўляў сабой часовы кампраміс.
У фармаце свабоднай дыскусіі сваё меркаванне па тэме сустрэчы мелі магчымасць выказаць як запрошаныя эксперты, так і госці, слухачы і студэнты. У прыватнасці, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Эдмунд Ярмусік звярнуў увагу на тое, што раздзел тэрыторыі Беларусі па ўмовах Рыжскага міру дагэтуль балюча ўспрымаецца не толькі гісторыкамі нашай рэспублікі, але і навукоўцамі суседніх краін.
- Думаю, што прычына - у нашым геапалітычным становішчы, - адзначыў Эдмунд Ярмусік. - Мы стараемся не сварыцца з суседзямі. Тым не менш, важна прызнаць: калі б не было 1939 года - не было б і сучаснай суверэннай Беларусі. У той час і ў той сітуацыі ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР было падзеяй адбыўшайся гістарычнай справядлівасці.
Эдмунд Ярмусік падкрэсліў, як важна прысутнасць на мерапрыемстве прадстаўнікоў студэнцкай моладзі, паколькі менавіта ад маладых людзей залежыць, якая ацэнка будзе зроблена ў далейшым тым ці іншым знакавым падзеям у гісторыі Беларусі.
У панэльнай дыскусіі ў якасці экспертаў таксама прынялі ўдзел кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксей Загідулін, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных навук Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Грэсь і кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гуманітарных навук Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Пётр Стэцкевіч.
Удзельнікі дыскусіі падрабязна разгледзелі перадумовы падпісання Рыжскага мірнага дагавора і абмеркавалі гістарычныя намеры краін, якія ўдзельнічалі ў заключэнні дагавора. Падводзячы вынікі сустрэчы, навукоўцы-гісторыкі яшчэ раз пазначылі перспектывы навуковага вывучэння дадзенай праблемы.