Фестываль быў прымеркаваны да 60-годдзя Міжнароднага дня тэатра.
На сцэну выйшлі тры тэатральныя калектывы Купалаўскага ўніверсітэта. Агульнаўніверсітэцкая студыя гутарковага жанру «Канферанс», мастацкім кіраўніком якой з'яўляецца Маргарыта Рукша, запомнілася ўсім яркімі вобразамі герояў савецкага часу з рэпертуару пісьменнікаў-сатырыкаў Надзеі Тэффі, Міхаіла Задорнава, Сямёна Альтава. Паспяхова дэбютавалі на фестывалі ўдзельнікі тэатра «ЮморLEX» пад кіраўніцтвам студэнткі 2 курса юрыдычнага факультэта Наталлі Баннай. Рабяты прадставілі на суд гледачоў гумарыстычныя мініяцюры. Творчы падыход да вырашэння жыццёвых сітуацый прадэманстравалі артысты «народнага» студэнцкага тэатра «Вернісаж», кіраўніком якога выступае студэнт 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Юрый Коцін. Галоўны герой спектакля «Дыялог» спрабаваў разабрацца, што самае галоўнае ў жыцці - грошы ці сяброўства.
Гледачы і ўдзельнікі фестывалю эстрадных мініяцюр і тэатральных пастановак «М.О.С.Т. ГрДУ» зарадзіліся пазітыўнымі эмоцыямі і яркімі ўражаннямі. Узнагародай для артыстаў сталі не толькі апладысменты гледачоў і жывая рэакцыя з залы, але і салодкі падарунак ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.