Найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж універсітэтамі былі вызначаны падчас онлайн-мерапрыемства.
Абмеркаванне адбылося з удзелам рэктара Міжнароднага ўніверсітэта інавацыйных тэхналогій Улугбека Бегаліева і прарэктара па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрыя Белых. На сустрэчы таксама прысутнічала дэкан інжынерна-будаўнічага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Ала Волік, якая расказала аб тым, што плённае супрацоўніцтва ў сферы навукі паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Міжнародным універсітэтам інавацыйных тэхналогій працягваецца ўжо больш за год. Прадстаўнікі двух універсітэтаў-партнёраў рэгулярна прымаюць удзел у сумесных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах, дзеляцца сваімі ведамі і напрацоўкамі. Падчас онлайн-дыялогу прагучала таксама прапанова, звернутая да навукоўцаў двух універсітэтаў, больш актыўна публікавацца ў навуковых выданнях ГрДУ імя Янкі Купалы і Міжнароднага ўніверсітэта інавацыйных тэхналогій.
Наступным крокам у напрамку далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, як было адзначана ў час віртуальнай сустрэчы, магла б стаць сумесная рэалізацыя адукацыйных праектаў. Так, была агучана ідэя сумеснай падрыхтоўкі магістраў у сферы будаўніцтва. У бліжэйшы час будуць створаны рабочыя групы, удзельнікі якіх, вывучыўшы навучальныя планы, пачнуць праектаванне адукацыйнай праграмы. Прадстаўнікі кыргызскага боку адзначылі, што яны гатовыя разглядаць варыянты распрацоўкі сумесных адукацыйных праграм па падрыхтоўцы спецыялістаў не толькі ў сферы будаўніцтва, але таксама эканомікі і энергетыкі.
Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы да гэтага моманту не было рэалізавана сумесных адукацыйных праграм з універсітэтамі Кыргызскай Рэспублікі. Разам з тым, два гады таму былі падпісаныя дамовы аб міжнародным супрацоўніцтве з трыма ўстановамі вышэйшай адукацыі Кыргызстана - Кыргызскім дзяржаўным універсітэтам імя І. Арабаева, Кыргызскім нацыянальным універсітэтам імя Ж. Баласагына і Бішкекскім гуманітарным універсітэтам імя К. Карасаева.
У тэму: У дадзены момант Купалаўскі ўніверсітэт паспяхова рэалізуе сумесныя адукацыйныя праграмы з шасцю замежнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі: AIC Campus (Шры-Ланка), Акцюбінскі рэгіянальны дзяржаўны універсітэт імя К.Журбанава (Рэспубліка Казахстан), Ташкенцкі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт (Узбекістан), Шаньдунскі ўніверсітэт шляхоў камунікацый, Каршынскі дзяржаўны ўніверсітэт, Чунцінскі політэхнічны ўніверсітэт.