У ГрДУ імя Янкі Купалы 8 красавіка стартавала размеркаванне выпускнікоў дзённай бюджэтнай формы атрымання адукацыі.
Першымі працэдуру размеркавання прайшлі выпускнікі факультэта фізічнай культуры. Размеркаванне на першае працоўнае месца атрымалі, перш за ўсё, студэнты, якія навучаліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Разам з тым, як і ў папярэднія гады, магчымасць атрымаць накіраванне на месца працы было таксама і ў студэнтаў, якія навучаліся на платнай аснове.
- Штогод Купалаўскі ўніверсітэт забяспечвае сто адсоткаў выпускнікоў першым працоўным месцам. Бо мы ўжо на этапе прыёмнай кампаніі ажыццяўляем набор студэнтаў у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый - заказчыкаў кадраў, таму праблем з размеркаваннем выпускнікоў у нас няма, - патлумачыла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй. - У далейшым навучанне ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Яны ўдзельнічаюць у фарміраванні навучальных планаў, вядуць заняткі, з'яўляюцца членамі дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Нашы студэнты праходзяць практыку на месцы свайго меркаванага месца працаўладкавання. Па заяўках арганізацый - заказчыкаў кадраў, студэнты пішуць дыпломныя працы, выконваюць міждысцыплінарныя праекты. І, у канчатковым выніку, першым рабочым месцам для многіх нашых выпускнікоў становіцца менавіта тое месца, да якога яны рыхтаваліся на працягу ўсяго перыяду навучання.
Так, студэнтка факультэта фізічнай культуры Аксана Дабрынская на апошнім курсе паспяхова сумяшчала вучобу ва ўніверсітэце і працу ў дзіцячым садку, дапамагаючы далучаць да фізічнай культуры маленькіх гродзенцаў. Напярэдадні размеркавання яна амаль не хвалявалася: у Аксаны імянная заяўка ад будучага працадаўцы і досыць высокі рэйтынг сярод студэнтаў факультэта.
- Па рэйтынгу я трэцяя на сваім курсе, таму я разлічваю на добрае размеркаванне, - распавяла Аксана Дабрынская. - Я ўжо год працую ў дзіцячым садку ў Гродне кіраўніком фізічнага выхавання. Спадзяюся, што там і застануся, мне вельмі падабаецца мая праца. Я ўжо шмат чаму навучылася, а за два гады, што буду маладым спецыялістам, яшчэ больш даведаюся аб прафесіі, набяруся вопыту.
А вось Арцём Заяц ведаў, што вернецца ў родны Дзятлаўскі раён яшчэ чатыры гады таму, калі толькі паступаў на факультэт фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. У яго - мэтавае накіраванне і таксама досвед працы ў адной з гродзенскіх школ, які абавязкова спатрэбіцца яму на працоўным месцы, куды ён адправіцца па размеркаванні ўжо ў статусе маладога спецыяліста.
- На трэцім курсе я пайшоў працаваць у сярэднюю школу № 22 горада Гродна. Сумяшчаць працу з вучобай было нескладана, так як універсітэт дае магчымасць тым, хто працуе, наведваць заняткі па індывідуальным графіку. Зараз па мэтавым накіраванні вярнуся ў Дзятлаўскі раён, там у мяне сям'я, сваякі. Таму я задаволены, што так усё складваецца, - падзяліўся Арцём Заяц.
Купалаўскі ўніверсітэт штогод забяспечвае першым працоўным месцам усіх выпускнікоў. Заявак ад устаноў і арганізацый горада і вобласці хапае, а ў гэтым годзе іх нават больш, чым выпускнікоў, якія падлягаюць абавязковаму размеркаванню.
- У гэтым годзе ў нас на факультэце 36 студэнтаў бюджэтнай формы навучання, з іх 7 спартсменаў нацыянальнай зборнай, якія па становішчы не падлягаюць размеркаванню, - адзначыў дэкан факультэта фізічнай культуры Андрэй Навойчык. - Варта адзначыць, што на сённяшні дзень у нас заявак удвая больш, чым размеркавальных выпускнікоў. Два студэнты платнай формы навучання выказалі жаданне атрымаць накіраванне на першае працоўнае месца. Думаю, да канца навучальнага года будуць яшчэ жадаючыя.
Выпускнікі факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы размеркаваны ва ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ў дзіцячыя і юнацкія спартыўныя школы, цэнтры фізічнай культуры. Некаторыя спартсмены засталіся працаваць у складзе сваіх камандаў.
Усяго ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы плануюць размеркаваць каля тысячы выпускнікоў 2021 года. Як правіла, 90 працэнтаў з іх застаюцца працаваць у Гродзенскай вобласці. Найбольш запатрабаваныя на сённяшні дзень выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў. Дарэчы, у Купалаўскім універсітэце каля 40 працэнтаў выпускнікоў - гэта маладыя педагогі.