У алімпіядзе Купалаўскага ўніверсітэта прымаюць удзел 6 каманд устаноў вышэйшай адукацыі краіны.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўляюць дзве каманды - юрыдычнага факультэта і факультэта міжнародных адносін. У інтэлектуальных спаборніцтвах прымаюць таксама ўдзел каманды Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага філіяла "БІП - Універсітэт правы і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій" і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Каманды спаборнічаюць у сямі конкурсах, тры з якіх прайшлі завочна, - гэта конкурс эсэ па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама конкурсы, звязаныя з выкананнем заданняў, прадстаўленых Упраўленнем Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці і Гродзенскай гарадской натарыяльнай канторай. Па выніках завочнага тура былі адабраны 6 каманд для ўдзелу ў вочных выпрабаваннях, якія прадугледжваюць выкананне тэставых заданняў па канстытуцыйным, грамадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, крымінальным і крымінальна-працэсуальным праве. У паўфінале каманды павінны будуць паспяхова справіцца з заданнямі, для выканання якіх неабходна выкарыстоўваць даведачныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы. Паўфіналістам таксама будзе прапанавана правесці юрыдычную экспертызу нарматыўнага прававога акту, а вынікі праведзенай работы прадставіць на ацэнку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. І, нарэшце, фінальны тур - аналіз казуса па крымінальнай справе і публічнае выступленне ў інсцэнаваным судовым пасяджэнні з прэзентацыяй пазіцый абароны і абвінавачанні па крымінальнай справе ў судзе першай інстанцыі - адбудзецца ў зале судовых пасяджэнняў юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
Пераможцаў і прызёраў алімпіяды вызначыць кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога суда Андрэй Ліхач, намеснік старшыні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Юлія Баклажэц, начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза юрыстаў Алена Юргель, намеснік начальніка Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Грыневіч, спецыяліст Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Гродзенскай вобласці Вольга Сямёнава, загадчык Гродзенскай гарадской натарыяльнай канторай Юлія Біркас, старшыня Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Вадзім Чарапіца і пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Корзун - старшыня журы алімпіяды.
Студэнцкая алімпіяда па юрыдычных навуках праводзіцца Купалаўскім універсітэтам з мэтай павышэння якасці навукова-даследчай работы, падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння адукацыі, навукі і практыкі, развіцця навуковага і кадравага патэнцыялу ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама дзяржаўных органаў і ўстаноў.