На дадзены момант 90 студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы вырашылі скарыстацца магчымасцю вакцынавацца.
У першую чаргу, вакцынацыю праходзяць тыя, хто летам плануе папрацаваць у складзе студэнцкіх атрадаў, асабліва за мяжой. Так, студэнтка 2 курса факультэта мастацтваў і дызайну Ганна Іалоп збіраецца адправіцца ў Анапу ў якасці камандзіра студэнцкага сэрвіснага атрада «Дзеці Нёмана», таму зрабіць прышчэпку ад каронавіруснай інфекцыі прыйшла ў ліку першых.
- У цэлым, я стаўлюся да вакцынацыі станоўча, думаю, што вакцынавацца неабходна, каб выпрацаваўся калектыўны імунітэт. Бо гэта наша агульная адказнасць за сябе, за людзей вакол нас. Улічваючы, што гэта працоўнае лета мы з рабятамі плануем правесці на Чарнаморскім узбярэжжы Расіі, лічу, каб засцерагчы сябе і іншых, трэба прышчапіцца, - падзялілася сваім меркаваннем студэнтка.
Першакурсніца Юлія Сімановіч, параіўшыся з лекарамі і пагаварыўшы з тымі, хто ўжо зрабіў прышчэпку, таксама вырашыла доўга не разважаць. І як толькі ва ўніверсітэце абвясцілі аб тым, што ў студэнтаў з'явілася магчымасць вакцынавацца ад каронавіруснай інфекцыі, Юлія звярнулася ў паліклініку.
- Думаю, у бліжэйшы час многім будуць прапаноўваць вакцынавацца, чаму б не вакцынавацца зараз, калі ёсць такая магчымасць. Бо так істотна зніжаецца рызыка інфікавання, - адзначыла студэнтка юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Юлія Сімановіч.
Студэнтаў, як і супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта, прышчапляюць на базе гарадской паліклінікі №1 г. Гродна. Як расказала доктар-імунолаг Наталля Усовіч, у дадзены момант у паліклініцы вакцынуюць усіх жадаючых.
- Вакцынацыя супраць каронавіруснай інфекцыі пачалася ў студзені. Яна праходзіць паэтапна. Першымі мы прышчапілі медыцынскіх работнікаў, затым падключыліся работнікі ўстаноў адукацыі. Зараз мы прышчапляем ўжо ўсіх жадаючых. Так, нядаўна мы атрымалі чарговую партыю вакцыны «Спадарожнік V», вырабленай у Беларусі па расійскай тэхналогіі. Са студзеня ў гарадской паліклініцы №1 прышчэплена 1560 чалавек, - распавяла лекар-імунолаг Наталля Усовіч.
Варта адзначыць, што з сярэдзіны лютага, калі пачалася вакцынацыя работнікаў педагагічнага складу, зрабілі прышчэпку каля 400 супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пабочных эфектаў ні ў каго зарэгістравана не было. У многіх ужо завяршыўся 42-дзённы этап выпрацоўкі імунітэту, а значыць, яны могуць адчуваць сябе ў бяспецы.
- Студэнты чакалі, калі ў іх з'явіцца магчымасць добраахвотна прайсці вакцынацыю ад каронавіруса, - адзначыла загадчык здаўпункта ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Кравец. - Яшчэ з верасня, калі пачалася вакцынацыя ад віруса грыпу ў нас у краіне, студэнты задавалі пытанні, калі можна будзе зрабіць прышчэпку ад каронавіруса. Найбольш актыўная частка студэнтаў, тая, якая запісалася ў летнія студэнцкія атрады, ужо з таго часу знаходзілася ў стане чакання. І зараз у іх з'явілася магчымасць прайсці двухкампанентную вакцынацыю да пачатку сваёй працоўнай летняй дзейнасці і пры выездзе ў іншыя краіны, у Расію, напрыклад, быць цалкам абароненымі ад каронавіруса дзякуючы вакцыне. На дадзены момант у нас запісана на вакцынацыю 90 навучэнцаў. Мы плануем таксама ў бліжэйшы час вакцынаваць замежных студэнтаў, якія сёлета заканчваюць навучанне ва ўніверсітэце.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы супрацоўнікі і студэнты не толькі актыўна вакцынуюцца, але і працягваюць прытрымлівацца пэўных мер засцярогі, каб не захварэць, а таксама прадухіліць распаўсюд інфекцыі. У навучальных карпусах застаецца актуальным масачны этыкет, выконваецца сацыяльная дыстанцыя, даступныя спецыяльныя сродкі для рэгулярнай апрацоўкі рук. Прытрымліванне простых мер прафілактыкі і добраахвотная вакцынацыя дапамагаюць скараціць колькасць хворых і спрыяюць выпрацоўцы калектыўнага імунітэту.