Пытанне стала адным з асноўных на парадку дня чарговага семінара для загадчыкаў кафедраў Купалаўскага ўніверсітэта, які адбыўся 17 мая.
Мадэратарам сустрэчы выступіла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна звярнула ўвагу, што на абмеркаванне вынесены два пытанні, якія ўзаемазвязаны паміж сабой. Па тэме першага пытання «Аб сістэме кантролю арганізацыі і правядзення бягучай і выніковай атэстацыі студэнтаў» выступіла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй. У ходзе абмеркавання яе даклада былі ўзняты пытанні захавання якасці набору студэнтаў, акадэмічнай адаптацыі першакурснікаў, павышэння ўцягнутасці студэнтаў у адукацыйны працэс.
Затым удзельнікі семінара прыступілі да абмеркавання галоўнай тэмы сустрэчы - «Аб ролі кафедры ў рэалізацыі студэнтацэнтрыраванай адукацыі». У якасці спікера выступіла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, якая падкрэсліла неабходнасць арыентавацца на дасягненне поспеху студэнтам.
- Нам неабходна ўвесь адукацыйны працэс - і вучэбны, і навуковы, і выхаваўчы складнікі - арыентаваць на патрэбы студэнта. Пры гэтым важна зрабіць упор на вынікі навучання, а не на сродкі і метады, якія выкарыстоўваюць выкладчыкі ў сваёй дзейнасці. І зразумела, што, калі звыклыя сродкі і метады не даюць чаканага выніку, неабходна змяняць падыход да навучання. Час змяніўся, свет змяніўся, і нам трэба мяняцца разам з ім, - адзначыла Ірына Кітурка.
Рэктар звярнула ўвагу на тое, што ў працэсе навучання студэнта неабходна фармаваць цэласную асобу, якая здольная вырашаць розныя задачы і не баіцца браць на сябе адказнасць, важна рыхтаваць спецыялістаў з новым мысленнем. У якасці ключавых кампанентаў у трансфармацыі адукацыйнага працэсу былі пазначаныя наступныя: пашырэнне ролі студэнтаў у дзейнасці ўніверсітэта, змяненне сістэмы ацэньвання студэнтаў, маніторынг вынікаў навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, індывідуальная работа выкладчыкаў са студэнтамі. Напрыканцы свайго выступу Ірына Фёдараўна зрабіла акцэнт на тым, што ў бліжэйшы час неабходна сумеснымі намаганнямі распрацаваць ва ўніверсітэце канцэпцыю студэнтацэнтрыраванай адукацыі.
Працягнулі абмеркаванне тэмы прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых, прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі і прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько. Вопытам рэалізацыі ў адукацыйным працэсе элементаў студэнтацэнтрыраванага падыходу падзялілася загадчыца кафедры журналістыкі Іна Мінчук.