Тэлемост аб'яднаў прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і ўстаноў адукацыі Расіі і Беларусі.
На сувязь з удзельнікамі Міжнароднага тэлемосту з Гродна выйшлі намеснік дзяржаўнага сакратара - член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Віктар Сірэнка, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Тэлемост аб'яднаў удзельнікаў з расійскіх гарадоў Масквы і Іркуцка, а таксама з беларускіх Гродна і Віцебска.
У пачатку мерапрыемства з прывітальным словам выступіла начальнік аддзела культурна-асветніцкай працы і міжрэгіянальнага культурнага супрацоўніцтва Маскоўскі дом нацыянальнасцяў пры ўрадзе Масквы Наталля Пятрова. Яна распавяла, што ў час працы тэлемосту адбудзецца прэзентацыя кнігі пра двойчы Героя Савецкага Саюза, выдатнага ваеначальніка, генерала арміі Афанасія Белабародава. Кніга напісана яго сынам - Уладзімірам Белабародавым з мэтай захавання памяці пра гераічныя старонкі нашай агульнай гісторыі. Затым удзельнікаў мерапрыемства павітаў дэпутат Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Сяргей Тэн, які падкрэсліў, што наш святы абавязак - распавядаць пра нашых гераічных продкаў з тым, каб не дапусціць абясцэньвання подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Пасля гэтага слова для прывітання было прадастаўлена ўдзельнікам тэлемосту з Беларусі. Першым выступіў намеснік дзяржаўнага сакратара - член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Віктар Сірэнка, які звярнуў увагу на важнасць захавання добрасуседскіх сувязей паміж народамі дзвюх краін.
- Для нас важны ўдзел у гэтай канферэнцыі. Хацелася б, каб такія сустрэчы праводзіліся рэгулярна. Мы памятаем подзвіг людзей, якія абаранялі і вызвалялі нашу Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй вялікі ўсім, хто прыкладвае вялізныя намаганні для захавання гэтай памяці, - падкрэсліў Віктар Сірэнка.
Затым слова было дадзена старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміру Караніку. Кіраўнік рэгіёну звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе горад Гродна стаў моладзевай сталіцай Рэспублікі Беларусь.
- У нас праводзіцца шмат мерапрыемстваў з удзелам моладзі і для моладзі. Выхаванне маладога пакалення ў духу патрыятызму з'яўляецца прыярытэтным напрамкам як у нашай краіне, так і ў Расійскай Федэрацыі, - адзначыў Уладзімір Каранік. - Мы рады, што наладжана цеснае ўзаемадзеянне паміж моладзевымі арганізацыямі нашых дзяржаў. Так, Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прыняла ўдзел у праектах, ініцыяваных Расійскім Саюзам Моладзі. Гэта Міжнародная школа маладых лідараў, круглы стол "Вялікая Айчынная вайна з чалавечым тварам", II Міжнародны патрыятычны форум. Дасягнуты дамоўленасці аб працягу ўзаемадзеяння, і гэтая праца будзе толькі актывізавацца.
Пра свае метады работы са студэнцкай моладдзю, а таксама грамадзянска-патрыятычным мерапрыемстве рэспубліканскага маштабу, ініцыятарам якога з'яўляецца ГрДУ імя Янкі Купалы, распавяла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
- Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб выкарыстоўваць і традыцыйныя, і нейкія новыя метады працы з моладдзю для захавання той гістарычнай памяці, якая для нас сёння з'яўляецца важнай, - падзялілася Ірына Кітурка. - У гэтым годзе ўжо ў сёмы раз мы правялі грамадзянска-патрыятычны марафон, прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты марафон уключае ў сябе шмат мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне нашай гістарычнай памяці, а таксама на выхаванне здаровага спартовага духу ў прадстаўнікоў маладога пакалення. Гэта мерапрыемства аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных універсітэтаў краіны, якія традыцыйна ў маі прыязджаюць у Гродна на фінальныя выпрабаванні марафону.
Ірына Кітурка таксама адзначыла, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае багаты станоўчы вопыт у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Купалаўскі ўніверсітэт імкнецца аб'яднаць студэнтаў і выкладчыкаў, актыўна прыцягваючы іх да ўдзелу ў мерапрыемствах не толькі навуковай тэматыкі, але і грамадзянска-патрыятычнай.
З Беларусі да ўдзелу ў Міжнародным тэлемосце далучыліся таксама прадстаўнікі гімназіі №9 г. Віцебска, якая носіць імя Афанасія Белабародава. Мерапрыемства працягнулася прэзентацыяй дакладаў і выступамі на тэму 80-годдзя контрнаступлення савецкіх войскаў пад Масквой у Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 гадоў. Удзельнікі тэлемосту працавалі на працягу некалькіх гадзін. І завяршылася мерапрыемства сумесным выкананнем песні кампазітара Давіда Тухманава на словы Уладзіміра Харытонава «Дзень Перамогі».