Урачыстая цырымонія ўручэння стыпендый адбылася 26 мая ў Лідскай дзіцячай школе мастацтваў.
Сярод лаўрэатаў - студэнт філалагічнага факультэта Гоша Сахедаў і студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Мар'ян Кропа. Абодва студэнта вучацца на 3 курсе Купалаўскага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаюць у выхаваўчых, творчых і спартыўных мерапрыемствах, якія праходзяць ва ўніверсітэце.
Мар'ян Кропа з'яўляецца членам Каардынацыйнага студэнцкага савета ГрДУ імя Янкі Купалы і старшынёй спартыўнага клуба інжынерна-будаўнічага факультэта. Таксама ён быў сярод удзельнікаў праекта «Школа лідэра», выступаў у фінале конкурсу «Містар універсітэт 2019». Мар'ян прымае актыўны ўдзел у валанцёрскай дзейнасці і рэгулярна займае прызавыя месцы ва ўніверсітэцкіх спартыўных спаборніцтвах.
Гоша Сахедаў прыехаў вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з Туркменістана. У гэтым годзе ён атрымаў перамогу ў конкурсе "Міс і Містар універсітэт» у намінацыі «Лепшы творчы нумар», стаў прызёрам па выніках конкурсу «Стыль-дэнс», быў узнагароджаны дыпломам I ступені за ўдзел у студэнцкай навуковай канферэнцыі «Навука 2021». Акрамя таго, Гоша Сахедаў займаецца спортам, паспяхова выступае на ўніверсітэцкіх спартыўных спаборніцтвах і ўдзельнічае ў грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання стыпендыятаў Беларускага фонду міру праводзіцца двойчы на год: у студзені і маі. Арганізатары мерапрыемства - Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. 26 мая 2021 года цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі Гродзенскага рэгіёну прайшла ў Лідскай дзіцячай школе мастацтваў. Лаўрэатамі сталі больш за 50 чалавек. Затым для адораных школьнікаў і студэнтаў арганізавалі экскурсію па Лідскім замку.