Мерапрыемствы, якія наведалі прадстаўнікі факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта, праходзілі ў Мінску ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа".
Студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у працы секцый XVI Рэспубліканскага экалагічнага форуму «Далучэнне грамадзянскай супольнасці да прыняцця экалагічных рашэнняў». На форуме абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення экалагічнай палітыкі, развіцця «зялёнай» эканомікі, эканомікі замкнёнага цыклу, нізкавугляроднага развіцця, адаптацыі да змены клімату, устойлівасці экасістэм, а таксама механізмаў развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва ў гэтых сферах.
Наведаўшы I Міжнародную спецыялізаваную экалагічную выставу-форум «Ecology Expo-2021», прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта змаглі азнаёміцца з прэзентацыяй «зялёных» тэхналогій у галіне аднаўляльнай энергетыкі і альтэрнатыўных крыніц энергіі, энергаэфектыўнага будаўніцтва, экалагічнага транспарту, эфектыўнага выкарыстання адходаў, біяўпакоўкі, арганічнай і экалагічна чыстай прадукцыі, экатурызму, лепшых практык "зялёных" школ.
Выстава і форум прайшлі пры ўдзеле рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, айчынных і замежных прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікоў замежных міністэрстваў і ведамстваў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, а таксама дыпламатычнага корпуса ў Рэспубліцы Беларусь. Мэта мерапрыемстваў, якія былі прымеркаваны да Года народнага адзінства, - актывізацыя ўсіх слаёў грамадства ў вырашэнні экалагічных праблем, максімальнае ўцягванне насельніцтва рэспублікі ў экалагічны рух, садзейнічанне каардынацыі намаганняў па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця. Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы наведалі мерапрыемствы пры падтрымцы Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.