У Купалаўскім універсітэце працягваецца прыём дакументаў для навучання на другой ступені вышэйшай адукацыі.
Працягнуць адукацыю ў магістратуры Купалаўскага ўніверсітэта ў гэтым годзе можна па 27 спецыяльнасцях, у тым ліку адноўлены набор па спецыяльнасцях «Экалогія», «Музычнае мастацтва», «Тэарэтычная і прыкладная лінгвістыка», «Дашкольная адукацыя», «Прыкладная фізіка», «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў».
У ліку абітурыентаў магістратуры, якія падалі сёння дакументы, супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта: вядучы спецыяліст Аддзела электронных камунікацый Цэнтра па сувязях з грамадскасцю Піткевіч Наталля Міхайлаўна і старэйшы выкладчык Цыкла ваенна-спецыяльных дысцыплін ваеннага факультэта Кушнароў Аляксей Уладзіміравіч. Нашы калегі выбралі факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму: Піткевіч Н.М. жадае працягнуць навучанне па спецыяльнасці 1-23 80 05 Журналістыка (прафілізацыя «Медыяменеджмент»), Кушнарова А.В. цікавіць спецыяльнасць 1-21 80 15 Гісторыя (прафілізацыя «Усеагульная гісторыя»).
Уступныя выпрабаванні для абітурыентаў магістратуры пройдуць у адпаведнасці з зацверджаным раскладам 7 і 9 ліпеня, а кансультацыі 6 і 8 ліпеня адпаведна. Залічэнне ў лік студэнтаў II ступені атрымання вышэйшай адукацыі дзённай і завочнай форм атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту пройдзе 13 ліпеня, на платнай аснове - 15 ліпеня.
Прыём дакументаў у магістратуру ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць з 27 чэрвеня па 5 ліпеня (3 ліпеня - выхадны дзень) з 9.00 да 18.00 па адрасе: вучэбны корпус №1, вул. Ажэшкі, 22, аўд. 211.
Нагадаем, што ў 2021 годзе, як і ў 2020 годзе, у ГрДУ імя Янкі Купалы арганізавана электронная чарга на сайце abit.by у раздзеле «Магістра», з дапамогай якой кожны абітурыент можа выбраць час, зручны для асабістага візіту і падачы дакументаў у прыёмную камісію ўніверсітэта. Прыём дакументаў ад выпускнікоў Купалаўскага ўніверсітэта гэтага года праходзіць пры непасрэдным удзеле факультэтаў, якія акажуць падтрымку ў фарміраванні і прадастаўленні неабходнага пакета дакументаў. Прыём дакументаў у магістратуру ажыццяўляецца па 5 ліпеня 2021 года (панядзелак) уключна, у тым ліку і 4 ліпеня (нядзеля).