Мерапрыемства, якое аб'яднала прадстаўнікоў двух універсітэтаў, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, прайшло 2 чэрвеня.
Вітаючы ўдзельнікаў, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі сфармуляваў мэты семінара:
- Знаходзячыся ў адной тэрытарыяльнай прасторы, мы павінны кансалідаваць нашыя намаганні, для таго, каб адпавядаць палітыцы дзяржавы па прыцягненню лепшых кадраў краіны.
У сваім дакладзе на тэму «Эфектыўная кадравая палітыка як важнейшы фактар устойлівага развіцця сучаснай установы адукацыі» Юры Раманоўскі адзначыў, што найважнейшай умовай ўстойлівасці Купалаўскага універсітэта з'яўляецца чалавечы рэсурс:
- Стратэгія апераджальнага развіцця ўключае ў сябе комплекс задач, накіраваных на рэалізацыю місіі ўніверсітэта. Кадравая палітыка на бліжэйшыя пяць гадоў распрацавана з улікам задач стратэгічнага асобасна-арыентаванага напрамку. Універсітэт з'яўляецца дружалюбнай прасторай для ўсебаковага развіцця асобы кожнага купалаўца, а сістэма кіравання персаналам накіравана на пошук, ацэнку, захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу на аснове эканамічных стымулаў і сацыяльных гарантый.
Важную ролю ў працэсе апераджальнага развіцця займае цыфравізацыі адукацыйнага працэсу. Пра гэта распавяла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй:
- У рамках распрацоўкі стратэгіі апераджальнага развіцця Купалаўскага ўніверсітэта адным з кірункаў дзейнасці вызначана стварэнне смарт-універсітэта, мэтай якога з'яўляецца забеспячэнне развіцця на аснове разумнай інфраструктуры і фарміраванне лічбавага мыслення кожнага купалаўца. Гаворка ідзе пра тое, што ўвесь навучальны працэс уключае ў сябе ўкараненне лічбавых тэхналогій. Лічбавую трансфармацыю мы рэалізоўваем на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў. Пачынаючы з асобных прыкладаў і назапашваючы вопыт, сёння мы прыйшлі да татальнай інфарматызацыі кіравання і арганізацыі самога адукацыйнага працэсу.
Падчас свайго выступу начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў падзяліўся вопытам Купалаўскага ўніверсітэта ў развіцці экасістэмы інавацыйнай дзейнасці:
- Калі казаць пра сістэму інавацыйнага развіцця ў ГрДУ імя Янкі Купалы, то з 2018 года ў нашым універсітэце праводзіцца паслядоўная палітыка ў напрамку фарміравання экасістэмы падтрымкі інавацый, пачынаючы са стварэння Цэнтра трансферу тэхналогій, Тэхнапарка, Студыі праектаў і стартапаў, а таксама розных фінансавых інструментаў для прасоўвання інавацый у жыццё.
У працяг тэмы інавацыйнага развіцця пра дзейнасць Студыі праектаў і стартапаў распавяла яе кіраўнік Алена Разава, якая адзначыла, што сама праца Студыі звязана са стварэннем прадпрымальніцкага ўніверсітэта ў рамках рэалізацыі праекта «Універсітэт 3.0».
У завяршэнне дыялогу бакі намецілі некалькі ідэй эфектыўнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, прыцягненне студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта да стварэння інавацыйных міжуніверсітэцкіх праектаў.