Дакументы ад абітурыентаў прыёмная камісія Купалаўскага ўніверсітэта пачне прымаць ужо 20 ліпеня.
На бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі прыём дакументаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будзе праходзіць да 26 ліпеня ўключна, на платную форму - да 9 жніўня.
Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці, дзе пры паступленнi здаюцца ўнутраныя ўступныя выпрабаванні ў ГрДУ імя Янкі Купалы, павінны падаць дакументы ў перыяд з 20 па 26 ліпеня, а з 27 ліпеня па 4 жніўня для іх пройдуць уступныя выпрабаванні.
З 20 па 22 ліпеня ў Купалаўскім універсітэце будуць прымаць дакументы ад абітурыентаў, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) педагагічнай накіраванасці і тых, хто паступае ў адпаведнасці з абзацам 18 пункта 24 Правіл прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені.
Нагадаем, што ў гэтым годзе, як і ў мінулым, у ГрДУ імя Янкі Купалы даступная электронная рэгістрацыя абітурыентаў у рамках работы лічбавай прыёмнай камісіі.
Усім абітурыентам Купалаўскі ўніверсітэт рэкамендуе загадзя зарэгістравацца ў Лічбавым кабінеце абітурыента на сайце abit.by, запоўніць заяву для паступлення і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў. Далейшыя крокі падкажа сістэма. На любым этапе можна звязацца са спецыялістамі, якія акажуць дапамогу ў рэгістрацыі, а таксама дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю, формай навучання і выбарам факультэта.
Для падачы арыгіналаў дакументаў абітурыент павінен прыйсці асабіста ў прыёмную камісію ў зручны для яго час, які ён павінен выбраць, зарэгістраваўшыся ў электроннай чарзе.
Віртуальны сэрвіс закліканы дапамагчы пазбегнуць традыцыйных чэргаў у перыяд падачы дакументаў у прыёмную камісію.
Больш падрабязную інфармацыю пра правядзенне прыёмнай кампаніі 2021, тэрміны ўступных выпрабаванняў, прапанаваныя спецыяльнасці можна даведацца на сайце abit.by і ў інфармацыйна-даведачнай службе «Абітурыент» па тэлефонах: 8 (0152) 67-01-01 (шматканальны), МТС +375 (33) 35-44-500, Life +375 (25) 77-44-500, а таксама ў прыёмнай камісіі па адрасе: вул. Леніна, 32.