Стажыроўка прайшла ў рамках праекта Radium, дзе члены навуковай супольнасці Беларусі маюць магчымасць атрымаць веды на аснове перадавога вопыту краін ЕС у галіне радыяцыйнай абароны і культуры ядзернай бяспекі.
У рамках онлайн-стажыроўкі «Хімія і Фізіка» з 12 па 16 ліпеня купалаўцы пабывалі на трэнінгах на англійскай мове, прысвечаных асноўным метадам вымярэння радыяцыйнага выпраменьвання, ядзерна-фізічных метадаў аналізу складу рэчываў, прынцыпаў працы абсталявання для радыёхімічнага і дазіметрычных даследаванняў. Заняткі былі накіраваныя як на тэарэтычную падрыхтоўку удзельнікаў стажыроўкі, так і на практычную: прадстаўнікі Універсітэта прыкладных навук Мангейма, прафесар Ульрых Шэрэр і доктар Лота Ленсу, наглядна паказалі выкананне лабараторных доследаў.
Удзельнікам стажыроўкі таксама далі ўнікальную магчымасць асабіста пазнаёміцца з Феліксам Сасенам, прадстаўніком кампаніі Westinghouse Electric Germany GmbH - незалежнай еўрапейскай даччынай кампаніяй вядучага сусветнага пастаўшчыка бяспечных інавацыйных ядзерных тэхналогій. Фелікс Сасо распавёў аб вопыце кампаніі ў галіне аналізу бяспекі эксплуатуемага радыяцыйнага абсталявання, ядзерных рэактараў, а таксама магчымага ўплыву ядзернай энергетыкі на навакольнае асяроддзе.
Купалаўскі ўніверсітэт у ходзе онлайн-стажыроўкі прадстаўлялі дацэнт кафедры агульнай фізікі Наталля Валько, прафесар кафедры агульнай фізікі Наталля Стрэкаль і загадчык кафедры агульнай фізікі Аляксандр Маскевіч.
Веды, атрыманыя ў рамках міжнароднай онлайн-стажыроўкі, будуць спрыяць стварэнню магістарскай праграмы ў сферы радыяцыйнай бяспекі пры ўдзеле беларускіх партнёраў праекта і садзейнічаць павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў-выпускнікоў па ўсёй краіне.