26 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы завяршыўся прыём дакументаў на атрыманне вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На 1095 бюджэтных месцаў прэтэндуюць 2408 абітурыентаў.
Усяго ў 2021 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляецца набор па 54 спецыяльнасцях. План набору складае 2328 месцаў, з іх 1095 - на бюджэтную форму, што на 35 месцаў больш, чым у 2020 годзе, і 1205 - на платнай аснове, што на 103 месцы менш у параўнанні з мінулым годам.
У цяперашні час найбольш папулярнымі спецыяльнасцямі дзённай бюджэтнай формы навучання сярод абітурыентаў сталі "Дызайн (віртуальнага асяроддзя; касцюма і тканін; графічны)"; "Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый"; група спецыяльнасцяў "Міжнароднае права", "Правазнаўства", "Эканамічнае права"; "Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка".
Высокі конкурс сярод абітурыентаў, якія паступаюць на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі, назіраецца па наступных спецыяльнасцях: "Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка"; "Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)"; "Фінансы і крэдыт"; "Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве" ў скарочаны тэрмін атрымання адукацыі.
З усіх абітурыентаў, якія падалі дакументы ў ГрДУ імя Янкі Купалы, 41 маюць магчымасць стаць студэнтамі без уступных выпрабаванняў, 28 паступаюць па-за конкурсам.
У ліку будучых студэнтаў нашага ўніверсітэта пераможцы розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд і алімпіяд Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама 129 абітурыентаў, якія скончылі навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай, залатым або сярэбраным медалём.
409 абітурыентаў маюць агульную суму балаў 300 і вышэй, 73 абітурыента скончылі падрыхтоўчыя курсы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.
У Купалаўскі ўніверсітэт падавалі дакументы не толькі абітурыенты з Гродна і Гродзенскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі (603). Так, у ГрДУ імя Янкі Купалы паступаюць з Мінскай (154), Брэсцкай (261), Віцебскай (39), Гомельскай (91) і Магілёўскай (58) абласцей. Акрамя таго, студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы плануе стаць адзін абітурыент з Расіі.
28 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе пасяджэнне прыёмнай камісіі, падчас якога адбудзецца залічэнне абітурыентаў на ваенны факультэт. 29 ліпеня адбудзецца залічэнне ў лік студэнтаў вочнай (дзённай) і завочнай форм атрымання вышэйшай адукацыі I ступені па спецыяльнасцях (групах спецыяльнасцяў) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (па трох сертыфікатах ЦТ).
На працягу яшчэ двух тыдняў будзе ісці прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія жадаюць навучацца на платнай аснове. Праца прыёмнай камісіі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працягнецца да 9 жніўня.
Унутраныя ўступныя выпрабаванні будуць праводзіцца згодна з раскладам ў перыяд з 27 ліпеня па 4 жніўня, інфармацыя пра дату і час яўкі абітурыента на экзамен прадстаўлена ў яго Лічбавым кабінеце. Іншагароднім абітурыентам універсітэт дае магчымасць засяліцца на час здачы экзаменаў у інтэрнат.
Арганізавана дыстанцыйнае кансультаванне абітурыентаў і іх бацькоў, у тым ліку відэакансультацыі аб парадку правядзення ўступных выпрабаванняў на сайце www.abit.by.
Кантакты факультэтаў для кансультавання і расклад уступных выпрабаванняў таксама даступныя ў Лічбавым кабінеце абітурыента, тут жа размешчаны расклад уступных выпрабаванняў. Падрабязную інфармацыю пра ход прыёмнай кампаніі (у тым ліку праграмы ўступных выпрабаванняў), прапанаваныя спецыяльнасці, тэрміны падачы дакументаў і правядзення ўступных выпрабаванняў можна даведацца на сайце www.abit.by, а таксама ў пункце работы прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па адрасе : вул. Леніна, 32; а таксама па тэлефонах:
+375 (152) 67-01-01 (шматканальны),
МТС +375 (33) 35 44 500,
Life +375 (22) 77 44 500