28 курсантаў на працягу месяца будуць праходзіць пачатковую прафесійную падрыхтоўку.
Курсантаў і іх бацькоў у сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сустрэла кіраўніцтва ваеннага факультэта. Начальнік факультэта Лявонцій Паўлаў павіншаваў першакурснікаў з тым, што яны паспяхова здалі ўступныя іспыты, а таксама падбадзёрыў бацькоў, якія, як правіла, нават больш хвалююцца, чым самі першакурснікі. Дарэчы, для бацькоў першакурснікаў прадстаўнікі факультэта правялі экскурсію, падчас якой распавялі ім пра ўмовы пражывання курсантаў, пра тое, як арганізавана іх харчаванне, медыцынскае і матэрыяльнае забеспячэнне.
Першакурснік Іван Мартыненка - адзін з тых, хто да выбару прафесіі ваеннага падышоў з максімальнай адказнасцю. Да гэтага амаль год ён служыў па кантракце, быў памежнікам. У гэтым годзе вырашыў паступіць на ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы.
- З дзяцінства марыў аб прафесіі ваеннага. У мяне дзядзька служыў, дзядуля таксама служыў у органах, таму я вырашыў працягнуць сямейную традыцыю, - падзяліўся Іван Мартыненка. - Да паступлення на ваенны факультэт я служыў на заставе «Карпаўка», гэта ў Гомельскай вобласці, беларуска-украінская мяжа. Мне падабалася служба, таму вырашыў развівацца ў прафесіі. Паступаючы на ваенны факультэт, выбраў спецыяльнасць «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)», буду навучацца ў інтарэсах Памежнага камітэта.
У гэтым годзе ваенны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта прыняў 28 першакурснікаў, з іх 16 будуць навучацца па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў (харчаваннем)», 8 - па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)» і 4 - па спецыяльнасці "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых" . З ліку новага папаўнення ў інтарэсах Узброеных Сіл ваенным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы будзе падрыхтавана 20 маладых афіцэраў, у інтарэсах Памежнага камітэта - 2 чалавекі, Унутраных войскаў - 3, Міністэрства ўнутраных спраў - 2 і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях - 1 чалавек.
На працягу бліжэйшага месяца курсантам трэба прайсці пачатковую прафесійную падрыхтоўку, у рамках якой для новага папаўнення будуць арганізаваны заняткі па тактычнай, інжынернай, фізічнай, страявой, ваенна-медыцынскай і агнявой падрыхтоўцы. З 14 па 28 жніўня пройдуць заняткі на палігоне, дзе курсанты будуць пражываць у палатачным гарадку ў палявых умовах.
На працягу ўсяго жніўня першакурснікаў будуць рыхтаваць да адказнай падзеі - прыняцця прысягі на вернасць Айчыне. Мерапрыемства пройдзе 4 верасня на Кургане Славы.
{youtube}https://www.youtube.com/watch?v=tPiAbdAeunU{/youtube}