Пасяджэнне прыёмнай камісіі Купалаўскага ўніверсітэта па залічэнні абітурыентаў у лік студэнтаў вочнай (дзённай) і завочнай форм атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове прайшло 11 жніўня.
Па выніках залічэння студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія будуць вучыцца на платнай аснове, сталі 1082 чалавекі, з іх на дзённай форме навучання ў поўны тэрмін - 718, на завочнай форме ў поўны тэрмін - 157 і на завочнай форме ў скарочаны тэрмін - 243. Пры гэтым звыш лічбаў прыёму ў лік студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта залічаны 17 чалавек. 27 абітурыентаў залічаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы для атрымання другой вышэйшай адукацыі.
Асаблівай папулярнасцю сярод абітурыентаў, якія паступілі на платную форму навучання, карысталася група спецыяльнасцяў «Дызайн (віртуальнага асяроддзя); Дызайн (касцюма і тканін); Дызайн (графічны)», спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і кампутарная графіка» і « Рамана-германская філалогія (нямецкая)» дзённай формы навучання, а таксама спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і кампутарная графіка» ,«Пачатковая адукацыя», «Фізічная культура» завочнай формы са скарочаным тэрмінам навучання.
Найвышэйшыя прахадныя балы сфармаваліся на спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія (нямецкая)» (277) і «Мытная справа» (270) дзённай формы навучання; «Выяўленчае мастацтва і кампутарная графіка» (243) і «Пачатковая адукацыя» (209) завочнай формы са скарочаным тэрмінам навучання.
З вынікамі залічэння кожны абітурыент можа азнаёміцца ў сваім Лічбавым кабінеце абітурыента на сайце abit.grsu.by.