Мерапрыемства прайшло 27 жніўня ў Гродзенскай абласной філармоніі.
Узнагароджанне адбылося ў рамках традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі педагогаў рэгіёну напярэдадні новага навучальнага года. Удзел у мерапрыемстве прынялі каля тысячы работнікаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставіў першы прарэктар Юрый Раманоўскі. Асноўнай тэмай форуму стала абмеркаванне тэзісаў і пытанняў, якія прагучалі на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў Мінску.
Дыпломамі Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў за высокія дасягненні па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцяў навучэнцаў, за падрыхтоўку абласных каманд да заключнага этапу алімпіяд па вучэбных прадметах адзначаны загадчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова, дацэнт кафедры агульнай фізікі фізіка - тэхнічнага факультэта Андрэй Лавыш і выкладчык-стажор кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Марына Рагожнік.