Карціна была знята на аснове тэатралізаванай пастаноўкі, падрыхтаванай Гуманітарным каледжам ГрДУ імя Янкі Купалы.
Штогод у знак павагі подзвігу нашых продкаў у Вялікай Айчыннай вайне выкладчыкі і навучэнцы каледжа рыхтуюць маштабныя пастаноўкі ў рамках акцыі "Памяць". У гэтым годзе яна была прысвечана пачатку вайны, тым гадзінам, калі на сябе прынялі ўдар пагранічнікі.
У гэтым годзе акцыю ўвекавечылі пры дапамозе фільма, які паказалі ў кінатэатры «Космас» тым, дзякуючы каму з'явілася тэатралізаваная пастаноўка. А гэта больш за 150 чалавек - навучэнцы і выпускнікі Гуманітарнага каледжа, курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама запрошаныя калектывы горада, прафесійныя акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і тэатра лялек. Усе разам яны стварылі сапраўдны шэдэўр.
Падчас прывітальнага слова рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка выказала падзяку ўсім, хто прыклаў руку да гэтай неверагоднай пастаноўкі і ўклаў у яе сваю душу. Была зроблена сапраўды вялікая праца, якая кранула сэрцы ўсіх гледачоў, якія прыйшлі 22 чэрвеня да Вечнага агню ў парк Жылібера.
- Несумненна, кожны з удзельнікаў акцыі "Памяць" уклаў часцінку душы ў сваю працу. Існаванне падобных праектаў мае вялікае значэнне, бо вельмі важна не забываць, якім коштам нам дастаўся той мір, што ў нас ёсць цяпер, - адзначыла Ірына Фёдараўна.