ГрДУ імя Янкі Купалы запрашае навучэнцаў 10-11 класаў далучыцца да прафарыентацыйных інтэнсіваў, якія будуць праходзіць ва ўніверсітэце з 3 па 5 лістапада.
Праект «PROF-вакацыі» упершыню быў рэалізаваны факультэтам давузаўскай падрыхтоўкі Купалаўскага ўніверсітэта ў мінулым годзе. У рамках праекта старшакласнікам прапануюць уключыцца ў адукацыйны працэс універсітэта, каб атрымаць уяўленне пра найбольш перспектыўныя спецыяльнасці, а таксама набыць навыкі працы ў камандзе і вызначыць уласныя прафесійныя схільнасці.
Для тых школьнікаў, якія жадаюць правесці вакацыі з карысцю, розныя факультэты ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі прафарыентацыйныя інтэнсівы, трэнінгі, майстар-класы, дзелавыя гульні. Сярод запланаваных мерапрыемстваў - брыфінг "На шляху ў прафесію ў IT", які правядзе факультэт матэматыкі і інфарматыкі, віртуальная экскурсія па факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, майстар-клас па працы са студыйным святлом у фатаграфіі ад прафесіяналаў факультэта мастацтваў і дызайну, трэнінгі ад інжынерна-будаўнічага факультэта, звязаныя з 3D-графікай і 3D-мадэляваннем. Выкладчыкі факультэта псіхалогіі запросяць патэнцыйных абітурыентаў наведаць лекцыю, а на факультэце біялогіі і экалогіі школьнікаў пазнаёмяць з тэхналогіямі прыгатавання страў розных краін свету. Прадстаўнікі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання раскажуць аб будучыні электратранспарту, а на факультэце эканомікі і кіравання звернуць увагу старшакласнікаў на новыя прафесійныя кампетэнцыі, якія запатрабаваны сёння ва ўмовах лічбавай эканомікі.
У рамках праекту «PROF-вакацыі» школьнікі змогуць паглядзець, як працуе студэнцкае канструктарскае бюро, зразумець, чаму вучаць педагогаў, як павінен думаць юрыст і якія якасці спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці журналісту. Кожны ўдзельнік праекта знойдзе для сябе нешта цікавае, а галоўнае - кампетэнтныя супрацоўнікі ўніверсітэта дапамогуць вучням выпускных класаў школ выбудаваць далейшы індывідуальны адукацыйны маршрут.
Для ўдзелу ў праекце неабходна зарэгістравацца анлайн да 1 лістапада. Першыя 150 удзельнікаў, якія прайшлі рэгістрацыю, атрымаюць спасылку на бясплатныя майстар-класы па прадметах ЦТ.