Супрацоўніцтва будзе ажыццяўляцца па такіх напрамках, як узаемны абмен інфармацыяй аб развіцці сацыялогіі ў Беларусі і за мяжой, правядзенне семінараў, круглых сталоў і канферэнцый, падрыхтоўка сумесных навуковых праектаў.
Пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка і дырэктарам Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалаем Мысліўцом. Цырымонія падпісання адбылася падчас правядзення ў Купалаўскім універсітэце вялікага навуковага форуму - ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Беларусь - у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава".
- Форум сабраў 120 навукоўцаў і даследчыкаў міжнароднага ўзроўню, - адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Мэта такіх канферэнцый - не толькі ў абмене думкамі, у вызначэнні новых напрамкаў для правядзення навуковых даследаванняў, але і ва ўсталяванні ўзаемавыгадных кантактаў. Так, сёння мы падпісваем пагадненне аб супрацоўніцтве з Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Па сутнасці, гэта прадаўжэнне таго супрацоўніцтва, якое ўжо ёсць, але адначасова гэты дакумент прадугледжвае і рэалізацыю новых перспектыў, асваенне новых форм узаемадзеяння.
ГрДУ імя Янкі Купалы - адзін з двух беларускіх універсітэтаў за межамі сталіцы, у якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці "Сацыялогія". Пры гэтым Купалаўскі ўніверсітэт вядзе падрыхтоўку такіх спецыялістаў ужо 20 гадоў і на першай, і на другой ступені вышэйшай адукацыі.
- Універсітэт цесна супрацоўнічае са сталічнымі сацыялагічнымі цэнтрамі, у прыватнасці, з Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кожны год выпускнікі ГрДУ імя Янкі Купалы становяцца магістрантамі, аспірантамі, а таксама прымаюцца да нас на працу, - распавёў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец. - Падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве надасць новы арганізацыйны і змястоўны імпульс для ўдасканалення падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці "Сацыялогія", а таксама будзе садзейнічаць актывізацыі сумеснай навукова-даследчай дзейнасці.
У пагадненні сярод форм супрацоўніцтва прадугледжана праходжанне практык студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама стажыровак для прафесарска-выкладчыцкага складу на базе Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Далейшае супрацоўніцтва прадугледжвае і тое, што выкананне купалаўцамі курсавых, дыпломных і магістарскіх дысертацый будзе арганічна ўбудоўвацца ў праблемнае поле, якім займаецца Інстытут сацыялогіі.