Серыя заняткаў была запушчана па ініцыятыве Цзіліньскага педагагічнага ўніверсітэта ў знак падзякі за ўсебаковае супрацоўніцтва і падтрымку з боку ГрДУ імя Янкі Купалы. Заняткі прайшлі ў рэжыме анлайн.
Курсы складаліся з дзвюх частак. У першай слухачы прайшлі комплексны моўны курс. У яго рамках былі разабраны тэмы "Усё аб Кітаі", "Лічбавая і задыякальная культура", "Вядомыя культурныя гарады", "Канфуцый", "Культура харчавання", "Фестывальныя звычаі і культура".
Другая частка была прысвечана кітайскай культуры. У яе рамках прайшло навучанне па прыгатаванні кітайскай ежы. Лектары расказалі аб традыцыйных стравах. Таксама быў праведзены культурны экскурс, дзякуючы якому купалаўцы даведаліся больш пра мастацтва Кітая, каліграфію, выразку з паперы, нацыянальныя музычныя інструменты, кітайскія вузлы і многае іншае.
Усяго курсы прайшлі 12 удзельнікаў, сярод іх 3 выкладчыкі і 9 студэнтаў, якія засталіся вельмі задаволеныя навучальнай праграмнай і асабліва тым, што ў іх была магчымасць паразмаўляць з носьбітамі мовы.
Дарэчы, супрацоўніцтва з Цзіліньскім педагагічным універсітэтам пачалося яшчэ ў 2013 годзе. За гэты час было рэалізавана шмат сумесных праектаў. Перспектыўным для абодвух універсітэтаў з'яўляецца праектаванне і рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм па спецыяльнасцях "Выяўленчае мастацтва", "Музычнае мастацтва", "Руская філалогія", навучанне кітайскіх студэнтаў у аспірантуры ГрДУ імя Янкі Купалы, стварэнне сумеснага Цэнтра рускай мовы і беларускай культуры на базе Цзіліньскага педагагічнага ўніверсітэта.
У хуткім часе жадаючыя купалаўцы змогуць паўдзельнічаць у новых курсах кітайскай мовы, якія Цзіліньскі педагагічны ўніверсітэт запускае ўжо 28 лістапада.