Серыя дыялогаў пачалася з размовы з прадстаўнікамі факультэта эканомікі і кіравання, а таксама адбылася сустрэча са студэнтамі факультэта псіхалогіі.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка закранула тэму здароўя і вакцынацыі. Кіраўнік універсітэта адзначыла, што інфармацыйная работа па вакцынацыі ідзе на самых розных узроўнях. Не так даўно ў Купалаўскім універсітэце адбылася сустрэча са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Каранікам, які раней узначальваў міністэрства аховы здароўя. Ён развеяў распаўсюджаныя міфы аб вакцынацыі і адказаў на пытанні студэнтаў. Не аднойчы ў ГрДУ імя Янкі Купалы на адкрыты дыялог прыходзілі студэнты з медыцынскага ўніверсітэта, якія таксама давалі поўную інфармацыю на дадзеную тэму.
- Усе гэтыя намаганні накіраваны толькі на адно - на захаванне здароўя ўсіх купалаўцаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад прышчапіўся амаль увесь - 92%, калі палічыць тых, хто вакцынаваўся сярод усіх супрацоўнікаў - гэтая лічба цяпер 78%. Цяпер чарга за студэнтамі. Не варта баяцца, бо свае першыя прышчэпкі чалавек атрымлівае яшчэ ў маленстве. Дзякуючы вакцыне людзі змаглі перамагчы многія смяротныя захворванні, такія як воспа і чума.
Гаворачы аб каранавірусе і прышчэпках, Ірына Фёдараўна адзначыла, што многія прадпрыемствы і школы горада не будуць браць на практыку студэнтаў, якія не прайшлі вакцынацыю.
- І хоць на мой погляд няправільна заахвочваць студэнтаў за вакцынацыю, мы ўсё ж вырашылі арганізаваць паход у боўлінг для першых 50 груп, дзе будуць прышчэплены 75% і больш студэнтаў. Зразумелая справа, што на адпачынак пайдуць толькі прышчэпленыя рабяты.
Не менш важным стала абмеркаванне прававой пісьменнасці і будучага рэферэндуму, прысвечанага зменам у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ужо цягам доўгага часу ідзе праца над новым тэкстам самага важнага закону ў дзяржаве. Ірына Фёдараўна расказала аб некаторых новаўвядзеннях і паведаміла, што ў хуткім часе будзе магчымасць азнаёміцца з поўным тэкстам дакумента, і затым прагаласаваць на рэферэндуме.
Рэктар са студэнтамі абмеркавалі і пытанні падрыхтоўкі да сесіі. Яна нават падзяліся асабістым вопытам студэнцкіх гадоў і расказала, што ніколі не спадзявалася на ўдачу і старанна працавала. Таксама Ірына Фёдараўна патлумачыла рабятам, як адзнакі ў залікоўцы ўплываюць на стыпендыю і ў цэлым распавяла аб тым, як фармуецца рэйтынгавая сістэма студэнтаў.
Пасля таго, як Ірына Фёдараўна вызначыла асноўныя моманты, якія хацела данесці, яна дала слова студэнтам і заклікала іх задаваць пытанні. Дзеці факультэта эканомікі і кіравання і факультэта псіхалогіі актыўна далучыліся да дыялогу. Пытанні былі самыя розныя. Яны датычыліся засялення ў інтэрнат, размеркавання. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі арганізацыю харчавання, адмову ад пластыка, карпаратыўную культуру і многія іншыя моманты. Кожнае пытанне і кожнае меркаванне былі пачутыя, бо калі іх агучылі, значыць яны хвалююць рабят.
У канцы кожнай з сустрэч Ірына Кітурка адзначыла, што неабавязкова чакаць, калі рэктар прыйдзе на факультэт, заўсёды можна звярнуцца ў любы час з пытаннем ці просьбай. Можна спачатку падысці да дэкана, калі праблема акажацца не ў кампетэнцыі кіраўніцтва факультэта, значыць трэба смела ісці ў прыёмную рэктара.
– Нам вельмі важная зваротная сувязь – вашыя ідэі і энтузіязм, прапановы і заўвагі. Вы бачыце свет па-іншаму, і вы не такія як мы, дарослыя. І гэта проста цудоўна! Інакш бы здарыўся застой, і наша жыццё з квітнеючага сада ператварылася б у балота. Таму адважвайцеся і заўсёды памятайце, што ад вас патрэбныя імкненне і запал ў вачах, а ўніверсітэт падтрымае вас!