Прэмія прысуджаецца таленавітай моладзі за поспехі ў адукацыі і навуцы, творчасці і спорце, грамадскім жыцці і маладзёжным самакіраванні.
Не засталіся незаўважанымі дасягненні купалаўцаў, якія годна сябе праявілі. Ганаровай прэміі ўдастоены Валерыя Карній, студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта; Паліна Аслоўская, студэнтка 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну; Сяргей Чабатарэнка, курсант 3 курса ваеннага факультэта; Алена Пазняк, навучэнка трэцяга курса Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.
Прэмія Гродзенскага аблвыканкама адораным навучэнцам была заснавана ў 1998 годзе. З 2001 года прэмія носіць імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко - старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта з 1994 па 2001 гады, Героя Беларусі.
Урачыстая цырымонія, дзе моладзі ўручылі пасведчанні, прайшла ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Кожны з лаўрэатаў адчуваў лёгкае хваляванне і, несумненна, ганарыўся! Прывітаць маладых талентаў прыйшлі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА "Белая Русь" Святлана Вараніца і жонка Аляксандра Дубко Эма Нікіфараўна. Ад ГрДУ імя Янкі Купалы сярод гасцей быў прарэктар па выхаваўчай рабоце Васіль Сянько.
Урачыстая цырымонія стала адметнай яшчэ і тым, што там з'явіліся Дзядуля Мароз і Снягурачка! Яны далі старт штогадовай дабрачыннай акцыі "Нашы Дзеці".