Ужо на працягу многіх гадоў кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы становяцца ў навагоднія святы чараўнікамі, якія выконваюць жаданні выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У пачатку снежня выхаванцы дома-інтэрната напісалі больш за сто лістоў Дзядулі Марозу. У кожным з іх пасялілася мара. Традыцыйна купалаўцы падключыліся да выканання жаданняў дзяцей.
Мары ў рабят самыя розныя: камусьці патрэбен плюшавы мішка, камусьці ўпрыгожванні для валасоў, канструктар ці нешта з адзення. Кожнаму па сілах стварыць свята і падарыць цуд, што з радасцю і зрабілі купалаўцы.
Летась з-за каранцінных мер кіраўніцтва ўніверсітэта і валанцёры не змаглі асабіста перадаць падарункі. На шчасце, сёлета эпідсітуацыя дазволіла прыйсці ў госці да выхаванцаў дома-інтэрната. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка з душэўнай цеплынёй павіншавала ўсіх з надыходзячым новым годам і разам з падарункамі перадала дому-інтэрнату грашовы сертыфікат.
– Мы заўсёды з вялікай радасцю выконваем жаданні рабят, ніводны ліст не застаецца без увагі. Магчымасць падарыць цуд кожнаму выхаванцы - для ўсіх купалаўцаў вялікае свята! Мы радыя быць часткай Навагодняй казкі і хоць на імгненне стаць сапраўднымі чараўнікамі, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Па цуду і гасцям засумавалі і самі рабяты. Усе былі вельмі радыя таму, што адбыўся ранішнік, дзе кожны мог танцаваць і пагуляць з казачнымі персанажамі. Выхаванцы дома-інтэрната сустракалі гасцей у прыгожых уборах і касцюмах, абавязкова ўсіх віншавалі.
Валанцёры таксама засталіся пад вялікім уражаннем ад свята і прызналіся, што не чакалі, што яно атрымаецца настолькі душэўным. Дапамагалі ствараць навагодні настрой студэнтка 4 курса факультэта псіхалогіі Алена Маркевіч, студэнт 4 курса факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Цімур Паноў, студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Ганна Гаранчук і кіраўнік Валанцёрскага цэнтра ГрДУ імя Янкі Купалы Валянціна Есіна.
Дарэчы, прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ўваходзяць у Апякунскі савет пры Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Штогод студэнты-валанцёры і выкладчыкі наведваюць дом-інтэрнат, праводзяць там святочныя мерапрыемствы, арганізуюць у горадзе і ўніверсітэце акцыі, накіраваныя на дапамогу выхаванцам.