Гісторыя партнёрскіх адносін паміж установамі адукацыі пачалася ўжо дастаткова даўно. Сённяшняе ўрачыстае падпісанне пацвердзіла і ўмацавала супрацоўніцтва, вызначыла новыя перспектывы ўзаемадзеяння.
Сваімі подпісамі дагавор змацавалі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Данілавіч і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Сведкамі гэтай значнай падзеі сталі дэканы факультэтаў, а таксама супрацоўнікі і кіраўнікі структурных падраздзяленняў.
Як адзначыла Ірына Фёдараўна, супрацоўніцтва абяцае быць рознабаковым, бо новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі дае значна больш свабоды ўніверсітэтам у фарміраванні навучальных і навуковых праграм.
- З Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь мы не толькі маем агульныя навуковыя і адукацыйныя інтарэсы. Нямала купалаўцаў з'яўляюцца выпускнікамі акадэміі - прайшлі перападрыхтоўку, скончылі аспірантуру, прайшлі павышэнне кваліфікацыі і дзеляцца атрыманым вопытам. Я ўпэўнена, што наша супрацоўніцтва будзе толькі набіраць абароты і будзе вельмі паспяховым і прадуктыўным, - адзначыла Ірына Кітурка.
Вячаслаў Данілавіч падзякаваў Ірыне Фёдараўне за такі цёплы прыём і адзначыў, што яму заўсёды прыемна знаходзіцца ў Купалаўскім універсітэце.
- Дагавор, які мы падпісалі сёння, дазволіць нам супрацоўнічаць больш цесна ва ўсіх даступных фарматах і будзе карысны абодвум бакам. Я ў гэтым упэўнены, - падкрэсліў Вячаслаў Данілавіч. - Мы несумненна, нацэлены на плённае супрацоўніцтва і наперадзе нас чакае шмат цікавай сумеснай працы, якая прынясе карысць не толькі нам, але і дзяржаве.
Супрацоўніцтва будзе развівацца і ў сеткавай форме, якая раней у большай ступені выкарыстоўвалася для ўзаемадзеяння з замежнымі ВНУ. Але з уступленнем у сілу новага Кодэкса аб адукацыі, які дазволіў зірнуць на гэты аспект па-новаму, сістэма будзе выкарыстоўвацца і для плённага абмену перадавым досведам паміж універсітэтамі краіны.