На мінулым тыдні прайшло плённае абмеркаванне змен у Канстытуцыі сярод супрацоўнікаў і выкладчыкаў універсітэта. Цяпер да дыскусіі запрасілі студэнтаў, якія вярнуліся ў alma mater пасля канікулаў.
На дыялогавай пляцоўцы, якая адкрыла серыю дыскусійных форумаў са студэнтамі, спікерамі сталі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч, старшыня Камітэта дзяржкантролю вобласці Анатоль Дарожка і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Ірына Фёдараўна адзначыла, што абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі са студэнтамі знайшло асаблівы падыход у Купалаўскім універсітэце. На кожную дыялогавую пляцоўку былі запрошаны знакавыя асобы, людзі, якія дасягнулі пэўных поспехаў.
- Кожны з запрошаных гасцей выкладзе свой погляд на прапанаваныя змены, дапаможа знайсці адказы на пытанні, якія хвалююць студэнтаў. Вельмі прыемна, што на нашы прапановы стаць спікерамі ахвотна пагаджаюцца. Упэўнена, нас чакае плённая серыя дыскусійных форумаў, якія дапамогуць моладзі зрабіць усвядомлены выбар на будучым Рэферэндуме, - адзначыла Ірына Кітурка.
Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў асаблівую важнасць абмеркавання змяненняў з моладдзю, таму што Рэферэндум - гэта вельмі важны крок, які вызначыць будучыню нашай краіны, той шлях, па якім яна будзе развівацца. У першую чаргу, новы праект накіраваны на кансалідацыю беларускага народа і ўстойлівасць дзяржавы перад выклікамі сучаснасці, якіх апошнім часам нямала.
- Актыўнае інфармацыйнае ўздзеянне накіроўваецца ў асноўным на моладзь, якая знаходзіцца ў самым пачатку свайго дарослага шляху і можа быць уразлівая. Вельмі важна весці з ёй дыялог, адкрыта гаварыць аб праблемах, улічваць яе голас і меркаванне, - падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч. - Усе прапанаваныя змены ў Канстытуцыю маюць стваральны характар, яны накіраваны на памнажэнне ўсіх дасягненняў і захаванне гістарычнай спадчыны, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці.
У сваім выступленні Вячаслаў Даніловіч у даступнай форме расказаў не толькі аб станаўленні канстытуцыйнага права ў Беларусі, але і акрэсліў асноўныя вехі развіцця нашай краіны. Натуральна, спікер спыніўся на асноўных зменах, якія прапануюць унесці ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, растлумачыўшы, чым гэта выклікана.
Анатоль Дарожка, звяртаючыся да моладзі, адзначыў, што цяпер Беларусь знаходзіцца на парозе найважнейшай падзеі. Ён яшчэ раз акцэнтаваў увагу на маштабнасці будучага Рэферэндуму.
- Менавіта на падставе Канстытуцыі будуецца ўся нарматыўна-прававая база любой дзяржавы. Ніхто не кажа аб тым, што дзейны Асноўны Закон дрэнны або некарэктны, але ён быў прыняты дастаткова даўно, - падзяліўся меркаваннем Анатоль Дарожка. - За гэты час і Беларусь, і свет у цэлым зведалі шэраг змен. Наспелі новыя патрабаванні да заканадаўчай сістэмы і Канстытуцыі. Усе прапанаваныя змены накіраваны на будучыню і на тое, каб мы не адсталі ад сусветных тэндэнцый.
Пасля выступлення спікераў студэнты звярнуліся з пытаннямі, якія датычыліся многіх змен. Студэнтаў цікавіла, як данесці моладзі важнасць захавання нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, чаму ўзнікла неабходнасць надаць Усебеларускаму народнаму сходу статус вышэйшага органа дзяржаўнай улады, чаму ў праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь акцэнтавана ўвага на захаванне і ўмацаванне здароўя беларускага народа. І гэта далёка не поўны спіс пытанняў. Абмеркаванне атрымалася жывым і плённым, усе атрымалі адказы на свае пытанні.