Круглы стол сабраў экспертаў не толькі ў сферы экалогіі. Да абмеркавання далучыліся юрысты, медыкі і неабыякавыя грамадзяне. На парадку дня пытанне надзвычайнай важнасці: «Чым абярнецца будаўніцтва загароды на беларуска-польскай мяжы для экалагічнага свету?».
Спецыялісты дэталёва разгледзелі гэтае пытанне. Вынікам абмеркаванняў стала рэзалюцыя ў адрас урада Польшчы, якая заклікае спыніць будаўніцтва заграджальнай памежнай агароджы на тэрыторыі Белавежскай пушчы, якая з'яўляецца ўнікальным прыродным здабыткам.
Як адзначыў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі, будаўніцтва загароды на тэрыторыі Белавежскай пушчы парушае міжнародныя нормы экалагічнага права і ў будучым можа нанесці каласальныя страты ўсёй экалагічнай сістэме ўнікальнага прыроднага запаведніка. На працягу ўсяго існавання суверэннай Беларусі на тэрыторыі пушчы вядзецца выключна стваральная дзейнасць. Літаральна па макулінках была адноўлена папуляцыя зуброў, якія знаходзіліся на мяжы вымірання.
- Будаўніцтва загароды парушыць міграцыйныя патокі жывёл і прывядзе да іх раненняў і траўм. Асобіны не змогуць свабодна рассяляцца на тэрыторыі сумежных еўрапейскіх краін, - адзначыў Аляксандр Карэўскі.
Загарода парушыць еўрапейскую міграцыйную сетку і прывядзе да збяднення генетычнага фонду папуляцый жывёл, падкрэсліў загадчык кафедры батанікі Алег Созінаў. Штучны тэрытарыяльны падзел адзінага прыроднага комплексу, несумненна, з'яўляецца крыніцай падвышанай пагрозы рэдкім і ўнікальным відам як жывёльнага, такі расліннага свету. Таксама такая загарода супярэчыць крытэрыям і прынцыпам кіравання асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі і катэгарычна недапушчальна.
- Прырода - гэта наш агульны дом, яго не павінны закранаць палітычныя пытанні. Наш абавязак клапаціцца пра навакольны свет, а не чыніць яму перашкоды. Прасцей папярэдзіць негатыўныя з'явы, чым потым змагацца з наступствамі, - адзначыў Алег Созінаў.
Дырэктар навукова-даследчага цэнтра інавацыйных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вольга Епішка яшчэ раз звярнула ўвагу на генетычныя страты папуляцыям, якія могуць нанесці будаўніцтва загароды.
- Функцыянаванне так званых генетычных калідораў вельмі важна для існавання здаровых і моцных папуляцый жывёл, наяўнасць загароды закрые гэтыя калідоры. Нельга дапускаць скарачэння генафонду і празмернага роднаснага скрыжавання паміж асобінамі, - распавяла Вольга Епішка.
Экспертная супольнасць спадзяецца, што рэзалюцыя дапаможа звярнуць увагу польскіх улад на магчымую экалагічную катастрофу. Дарэчы, на мяжы, дзе ўжо ўстаноўлена загарода, зафіксаваны выпадкі траўміравання і смерці жывёл.