Традыцыйнае культурна-спартыўнае свята "Насустрач вясне" пройдзе ў гэтую суботу, 5 сакавіка.
Урачыстае адкрыццё свята адбудзецца а 11.30 на плошчы Леніна. У яго рамках пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў гарадскога конкурсу "Лепшая навагодняя Арт-ёлка", а затым усіх чакае вялікі святочны канцэрт. З 10.00 да 17.00 на гэтай жа пляцоўцы будзе працаваць арт-кавярня пад адкрытым небам.
Калейдаскоп лакацый разгорнецца ў парку Жылібера. З 11.30 да 16.00 тут будуць працаваць "Азбука здароўя", алея масленічных лялек, яркія фотазоны. Тэматычныя пляцоўкі разгорнуць прадпрыемствы і ўстановы горада. Сярод іх і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Купалаўцы падрыхтавалі спартыўную пляцоўку, на якой можна будзе згуляць у дартс, шахматы і шашкі, паспаборнічаць у армрэслінгу і гіравым спорце, узяць удзел у футбольным конкурсе.
Адбудуцца творчыя выступленні студэнтаў, будзе працаваць інтэрактыўная забаўляльная пляцоўка. Таксама купалаўцы прымуць удзел у «Алеі масленічных лялек».