Мітынг-рэквіем адбыўся на Плошчы ўніверсітэцкага флага і сабраў прадстаўнікоў усіх факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы і ганаровых гасцей.
Сёння, 22 сакавіка, сумная дата - Дзень Памяці ахвяр Хатыні. 79 гадоў таму мірная беларуская вёска, якая налічвала 26 двароў, была поўнасцю знішчана, спалена фашыстамі жыўцом. Загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў… Жудасныя падзеі вясны 1943 года дагэтуль болем адгукаюцца ў сэрцах беларусаў. Трагедыя Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі.
Ушанаваць памяць ахвяр фашыстаў разам з купалаўцамі прыйшлі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат.
Як адзначыў Юрый Караеў, беларусы шануюць памяць ахвяр вайны і не забываюцца на тыя зверствы, што чынілі фашысты на нашай зямлі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі было разбурана 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, спалена больш за 9 тысяч сёл і вёсак. 628 беларускіх вёсак падзялілі лёс Хатыні. 186 з іх - не адроджаныя. З 9200 спаленых і знішчаных фашыстамі ў гады вайны беларускіх вёсак 627 знішчаны разам з жыхарамі.
- У бяссільнай злосці і нянавісці былі спалены сотні беларускіх вёсак. Найбольш вядомая з іх - Хатынь, якой не стала 22 сакавіка. Яна служыць сімвалам гора, што нагнала людзей у тыя жудасныя гады. У Хатыні карнікі па-зверску забілі дзясяткі мірных жыхароў, сярод якіх у асноўным былі жанчыны, дзеці і старыя. Вельмі важна, што мы памятаем пра гэтыя зверствы і ніколі не забываем жыцці, якія забрала вайна. Наша задача - перадаваць гэтую памяць з пакалення ў пакаленне, - адзначыў Юрый Караеў.
У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання гістарычнай праўды. Так, генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Зыходзячы з усяго масіва даных устанаўліваюцца раней невядомыя факты злачынстваў і фарміруецца крымінальная справа. Падчас расследаванняў выяўляюцца новыя факты зверстваў фашысцкага рэжыму.
- Дадзенае расследаванне - гэта аднаўленне гістарычнай праўды і гістарычнай справядлівасці. Яно дакладна паказвае намеры катавальцаў і тыя метады, якімі яны хацелі дасягнуць сваёй мэты, - падкрэсліў Андрэй Скурат.
Звяртаючыся да прысутных на мітынгу-рэквіеме, Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, адзначыла, што гістарычная памяць - гэта тое, што дазваляе ўсім нам паспяхова ісці ў будучыню, ганарыцца поспехамі і памятаць урокі мінулага.
- Пакуль мы памятаем - мы жывем. Нашая памяць – гэта нашая сіла, зброя, якая стаіць на варце нацыі. Таму я дзякую ўсім, хто адгукнуўся і прыйшоў на мітынг-рэквіем, каб ушанаваць памяць трагічна загінулых беларусаў, - звярнулася да ўсіх Ірына Кітурка.
Пасля заканчэння мітынгу-рэквіема група студэнтаў-купалаўцаў адправілася ў вёску Княжаводцы, дзе ўсталяваны мемарыяльны комплекс «Журботная маці» ў памяць аб трагедыі, дзе загінулі больш за 900 мірных жыхароў.
Рабяты ад імя шматтысячнага калектыва Купалаўскага ўніверсітэта і ў знак памяці аб Хатынскай трагедыі ўсклалі кветкі і запалілі лампады ў помніка.