Свята, якое сімвалізуе ва ўсходніх народаў вясну і новае жыццё, адзначылі ў сценах універсітэта 24 - 25 сакавіка.
Сёлета Наўруз Байрам аб'яднаў студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы юбілейны пяты раз. У рамках свята адбыліся турнір па міні-футболе, выстава-кірмаш "Вясёлка Творчасці", канцэрт мастацкай самадзейнасці і конкурс эсэ.
Ганаровымі гасцямі фестывалю сталі першы сакратар Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Азімжон Абдулаеў і консул Пасольства Рэспублікі Узбекістан Хаджыякбар Вахабаў. Для іх правялі экскурсію па ўніверсітэце і арганізавалі наведванне інтарнатаў ГрДУ імя Янкі Купалы, каб прадстаўнікі пасольства маглі азнаёміцца са штодзённым жыццём навучэнцаў і супрацоўнікаў універсітэта.
Удзельнікаў і гасцей свята прывітала рэктар універсітэта Ірына Кітурка.
- Мы стараемся, каб і за тысячу кіламетраў ад дома вы адчувалі сябе па-хатняму ў нашай краіне.
Ірына Фёдараўна падзякавала студэнтам за тое, што яны падтрымліваюць свае нацыянальныя традыцыі і падарыла ўдзельнікам фестывалю торт.
З віншавальным словам да арганізатараў і гасцей свята звярнуліся Азімжон Абдулаеў і Хаджыякбар Вахабаў. Яны пажадалі купалаўцам сямейнага дабрабыту, шчасця і здароўя.
У рамках юбілейнага святкавання Наўруз Байрама былі арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе госці мерапрыемства пагрузіліся ў нацыянальны каларыт іншых народаў. Купалаўцы маглі пакаштаваць нацыянальныя стравы з Туркменістана, Узбекістана і Казахстана, павучыцца кітайскай і іракскай каліграфіі, ацаніць прыгажосць нацыянальных касцюмаў Усходу і ўжывую пачуць аўтэнтычную кітайскую флейту.
Аматараў спартыўных спаборніцтваў аб'яднаў турнір па міні-футболе, які скончыўся перамогай каманды з Туркменістана.
Завяршыўся фестываль святочным канцэртам, падчас якога замежныя студэнты працягвалі знаёміць гледача са сваёй культурай праз творчыя нумары. З віншавальнымі словамі да гасцей і арганізатараў свята звярнуўся прарэктар па вучэбнай рабоце Белых Юрый Эдуардавіч.
У рамках канцэрта прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу эсэ, у якім заяўкі на ўдзел даслалі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі такіх краін, як Шры-Ланка, Узбекістан і Туркменістан. У сваіх эсэ студэнты вырашылі распавесці, што такое для іх родны дом, і як яны адзначаюць Наўруз.
Па выніках конкурсу дыпломам першай ступені ўзнагародзілі Дзінару Джуманіязаву. Другое месца заняла Дулкі Руванка Сірыніванса. Трэцяе - Нязік Нурбердзіева.