Рэспубліканская акцыя "Тыдзень лесу" штогод аб'ядноўвае неабыякавых людзей, якія дапамагаюць папоўніць лясны фонд. Упершыню яна прайшла ў 2008 годзе, і з году ў год заклікана прыцягнуць увагу да важнасці захавання лясоў. У гэтым годзе акцыя прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Да пасадкі сеянцаў далучылася Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўна ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ірына Фёдараўна разам з кіраўніцтвам вобласці адправілася ў Гродзенскі раён высадзіць алею з 25 ліп у памяць аб ахвярах фашызму. Перад тым, як прыступіць да працы ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да падножжа помніка «Журботная маці» каля форта №2, што знаходзіцца паблізу вёскі Навумавічы. Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны былі забіты больш за 20000 савецкіх ваеннапалонных, вязняў канцлагераў, мірных жыхароў.
Удзельнікі акцыі невыпадкова выбралі для пасадкі сеянцы ліпы. Гэта дрэва сімвалізуе мір, росквіт і дабрабыт. Як адзначыла Ірына Фёдараўна, важна захаваць не толькі лясное багацце, але і памяць аб трагічных вехах гісторыі.
- Высаджаная алея стане яшчэ адным сімвалам памяці, які паслужыць напамінам нашым нашчадкам аб пралітай у гады Вялікай Айчыннай вайны крыві, - адзначыла рэктар.
Высадка "Алеі памяці" стала важнай часткай працоўнага дня, пасля якой удзельнікі акцыі адправіліся на традыцыйную пасадку сеянцаў. Дарэчы, сваё ўкладанне ў памнажэнне ляснога багацця з года ў год уносяць тысячы жыхароў нашай вобласці.