Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIV рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года - 2021" адбылася сёння, 15 красавіка, у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Рэспубліканскі конкурс "Жанчына года" з'яўляецца традыцыйным і праводзіцца грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз жанчын" з мэтай заахвочвання жанчын, якія дасягнулі поспехаў у розных сферах дзейнасці.
У намінацыі "За лідарства і паспяховае кіраўніцтва" адзначана рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, пад кіраўніцтвам якой універсітэт дасягнуў асаблівых вышынь: стаў лаўрэатам Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці, быў занесены на рэспубліканскую Дошку Гонару і займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгах сярод універсітэтаў Беларусі.
– Я адчуваю гонар не за сябе асабіста, а за ўвесь наш універсітэт, які сваімі дасягненнямі дазволіў рэктару быць лаўрэатам намінацыі "За лідарства і паспяховае кіраўніцтва". Ад аднаго кіраўніка залежыць няшмат: тое, як калектыў успрымае ідэі, як ён нацэлены на вырашэнне не толькі бягучых, але і задач апераджальнага развіцця. Пад словам «калектыў» я маю на ўвазе не толькі супрацоўнікаў і выкладчыкаў, але і студэнтаў, якія сваёй маладосцю, запалам, крэатывам, дасягненнямі ў вучобе, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах сапраўды ствараюць выдатны імідж Купалаўскага ўніверсітэта, – адзначыла Ірына Фёдараўна падчас цырымоніі ўзнагароджання.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел каля 400 жанчын, 64 з якіх сталі пераможцамі. Фіналы абласных тураў праходзілі ў рэгіёнах з удзелам кіраўніцтва рэгіёнаў і жаночага актыву. На цырымоніі названы пераможцы ў намінацыях "Паспяховы кіраўнік", "Актыўная грамадзянская пазіцыя", "Сэрца аддаю людзям", "Матчына слава", "Гаспадыня вёскі", "Духоўнасць і культура" і "Не старэюць душой ветэраны". Акрамя таго ў Год гістарычнай памяці заснавана спецыяльная намінацыя "Ганарымся і памятаем", якая аб'яднала жанчын, якія ўнеслі значны ўклад у захаванне культурнай і духоўнай спадчыны, каштоўнасцей і традыцый, гістарычнай праўды і памяці аб гераічным мінулым беларускага народа.