На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму прайшла дыялогавая пляцоўка "Чарнобыль - боль душы маёй", а ў галоўным корпусе адбылася віктарына, прысвечаная журботнай даце, арганізатарамі якой выступіў факультэт біялогіі і экалогіі.
У дзень 36-годдзя Чарнобыльскай катастрофы на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму быў запрошаны падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, ліквідатар Вячаслаў Мароз.
Вячаслаў Іосіфавіч расказаў прысутным аб выбуху на ЧАЭС, аб тым, як была наладжана работа па ліквідацыі наступстваў і што адбывалася ў тыя нялёгкія дні:
- У снежні 1986 года ў складзе зводнага атрада я паехаў добраахвотнікам у зону адчужэння. Мой бацька, былы франтавік, заўсёды казаў: "Спачатку думай аб Радзіме, а потым аб сабе". Але тады ніхто з нас не ўяўляў усяго маштабу таго, што адбываецца… Па прыбыцці ў размеркавальны пункт у вёсцы Савічы Гомельскай вобласці я падахвоціўся быць дазіметрыстам. Мы павінны былі расстаўляць атрады для аховы вёсак, маёмасці грамадзян.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі з першых вуснаў даведацца, як было несці службу ў зоне адчужэння, у чым заключалася работа дазіметрыстаў і як працавала міліцыя па абароне маёмасці эвакуіраваных грамадзян. У рамках сустрэчы ўдзельнікі пагаварылі аб гераізме і бясстрашнасці тых, хто браў удзел у ліквідацыі аварыі.
Вячаслаў Іосіфавіч прынёс з сабой фатаграфіі і падзяку ўдзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі Чарнобыльскай АЭС ад камандавання аператыўнай групы МУС БССР за выкананне задання ўрада ў незвычайна складанай абстаноўцы, за выпрабаванне на мужнасць і стойкасць, праяўленне высокіх маральных якасцей. Ліквідатар за перыяд працоўнай дзейнасці заахвочваўся 15 разоў кіраўніцтвам РАУС, УУС, МУС, у тым ліку быў узнагароджаны двума медалямі за бездакорную службу ў органах унутраных спраў, медалём у азнаменаванне 100-годдзя міліцыі Беларусі, медалём ліквідатара ЧАЭС і да гэтага часу кіраўніцтва УУС Гродзенскага аблвыканкама выказвае словы падзякі за доблесць і мужнасць, праяўленыя пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, глыбокае разуменне і асабістую адказнасць за даручаную справу.
Вельмі важна захаваць на старонках гісторыі памяць тых жахлівых дзён. На гэта накіраваны не толькі сустрэчы са сведкамі катастрофы, але і розныя памятныя акцыі. Факультэт біялогіі і эклогі выступіў ініцыятарам правядзення віктарыны, прысвечанай Дню Памяці Чарнобыльскай катастрофы. Інтэлектуальнае спаборніцтва стала не проста гульнёй. Удзельнікі змаглі даведацца пра раней не вядомыя ім факты, папоўніць свае веды. Бо пасля віктарыны адбылося абмеркаванне пытанняў і праца над памылкамі.
У віктарыне прынялі ўдзел сем каманд, якія прадстаўлялі юрыдычны факультэт, факультэт псіхалогіі, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму.
Па выніках віктарыны перамогу забрала каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму "Вандроўцы".