Сёння, 5 мая, Генпракурор Беларусі Андрэй Швед сустрэўся са студэнтамі і расказаў аб тым, як ідзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
На сустрэчы прысутнічалі пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў, намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат, а таксама рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава.
Сустрэча са студэнтамі юрыдычнага факультэта прайшла ў фармаце адкрытага дыялога. Генпракурор Андрэй Швед падрабязна расказаў аб тым, як ідзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і адказаў на пытанні студэнтаў.
- Сёння да студэнцтва мне б хацелася данесці праўду, заснаваную на фактах, гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Мы жывем у свеце хлусні і фэйкаў, таму я, наколькі можна, імкнуся гаварыць максімальна адкрыта. Хочацца, каб наша моладзь усвядоміла, з чым мелі справу нашы бабулі і дзядулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і тое, што сама ідэя нацызму, фашызму не памерла. Калі я дастукаюся хаця б да аднаго маладога чалавека, і ён маімі вачыма пачне глядзець на навакольны свет, гэта будзе вялікім дасягненнем, - адзначыў Андрэй Швед.
Па словах Генпракурора, расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны - гэта маштабны нацыянальны праект. У складзе следчай групы працуе амаль тысяча чалавек: следчыя, судовыя эксперты, супрацоўнікі органаў Унутраных Справаў, камітэта Дзяржаўнай Бяспекі, вучоныя.
На гэты момант ідзе допыт жывых сведкаў таго жорсткага часу, іх гісторыі запісваюцца на відэа, забіраюцца архіўныя дакументы, на сайце Генеральнай пракуратуры з'явіўся спецыяльны рэсурс, дзе ўсе факты знаходзяцца ў адкрытым доступе. Працягваецца агляд месцаў здарэнняў ваеннага часу, эксперты пабывалі ў 12 такіх месцах, а на чарзе - яшчэ больш за 300. І гэтая лічба з кожным днём павялічваецца. У адной толькі Віцебскай вобласці было спалена больш за дзве тысячы вёсак, якія так і не былі адноўлены пасля вайны. Сёння практычна ў кожным раённым цэнтры ўжо ёсць выстава, прысвечаная генацыду.
У рамках адкрытага дыялогу студэнты мелі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь і атрымаць на іх адказы. Пытанні датычыліся магчымасці абнаўлення заканадаўчай базы па абароне жывёл, а таксама супрацьдзеянні кіберзлачынстваў. Акрамя таго, студэнты юрыдычнага факультэта пацікавіліся, якімі якасцямі на сённяшні дзень павінен валодаць дзяржабвінаваўца. Таксама студэнтаў хвалявала спецыфіка прафесіі пракурора і тое, ці ёсць у ёй месца для спачування.
Адказваючы на пытанні студэнтаў, Андрэй Швед прывёў некалькі паказальных прыкладаў са сваёй службовай практыкі і асабістага жыцця.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Генпракурор падзякаваў купалаўцам за плённыя зносіны і адзначыў, што самае галоўнае сёння для моладзі - быць патрыётам сваёй краіны:
- Любіце сваю краіну, вы можаце падарожнічаць па свеце, але шчаслівым можна быць толькі на сваёй зямлі!