У ГрДУ імя Янкі Купалы курс лекцый па дысцыпліне «Мова і стыль сродкаў масавай камунікацыі» студэнтам 2 курса спецыяльнасцяў «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя» прачытала доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры медыялінгвістыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Дускаева. На працягу трох дзён - з 4 па 6 мая - студэнты, будучыя журналісты і спецыялісты па інфармацыі і камунікацыі, атрымалі магчымасць падчас заняткаў пазнаёміцца з аўтарскай методыкай аналізу медыятэкста Ліліі Рашыдаўны.
Кафедру журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы з кафедрай медыялінгвістыкі СПБДУ звязваюць гады цеснага супрацоўніцтва. Так, Лілія Дускаева і выкладчыкі кафедры медыялінгвістыкі СПбДУ рэгулярна ўдзельнічаюць у навуковых мерапрыемствах Купалаўскага ўніверсітэта, у тым ліку ў Міжнародных Карскіх чытаннях. Вынікам сумеснай працы гродзенскіх і пецярбургскіх вучоных сталі некалькі навуковых выданняў, прысвечаных аналізу сучаснага медыятэксту, у тым ліку апублікаваная за мяжой манаграфія па маўленчым этыкеце славянскіх онлайн-кам'юніці (Speech Etiquette in Slavic Online Communities / eds. L. Duskaeva (et . ). Cham: Palgrave Macmillan, 2021. - 301 p.).
Па запрашэнні Ліліі Дускаевай, якая ўзначальвае Медыялінгвістычную камісію пры Міжнародным камітэце славістаў, загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук, дацэнты кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык, Ірына Герасімчык увайшлі ў склад Нацыянальнай падкамісіі Беларусі.