Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Валерыя Юхно стала ўладальніцай дыплома пераможцы Адукацыйнага форуму для студэнтаў “Phygital Universe” у Санкт-Пецярбургу па напрамку “Біятэхналогія і практычная нутрыцыалогія”.
Форум праходзіў у Санкт-Пецярбургскім політэхнічным універсітэце Пятра Вялікага. Наш універсітэт прадстаўляла студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання" факультэта біялогіі і экалогіі Валерыя Юхно, якая ўдзельнічала ў форуме па напрамку "Біятэхналогія і практычная нутрыцылогія" і стала ўладальніцай дыплома пераможцы Адукацыйнага форуму для студэнтаў "Phygital Universe" .
Форум адлюстроўвае лепшыя бакі фіджытал-свету (назва паходзіць ад physical + digital), прапаноўваючы ўдзельнікам развіваць hard-skills (прафесійныя навыкі), soft-skills (міждысцыплінарныя навыкі) і phygital-skills (камунікатыўныя навыкі).
Кожны студэнт дакладна знайшоў для сябе зручны напрамак. Удзельнікаў сёлета чакала адразу 18 трэкаў па розных кірунках: ад гуманітарных навук да ядзернай медыцыны.
Студэнтка Валерыя Юхно падзялілася сваімі ўражаннямі ад Адукацыйнага форуму. Яна адзначыла, што Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт Пятра Вялікага - адна з вядучых ВНУ Расіі, таму ў дзяўчыны былі вялікія чаканні ад форуму. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму.
– Я наведала розныя майстар-класы, напрыклад, «Аператыўнае мысленне» і «Імправізацыя», занятак па мікрабіялагічнай бяспецы харчовай прадукцыі, «Інжынірынг функцыянальных прадуктаў харчавання», «Пастаноўка ПЦР у рэальным часе», праслухала лекцыі ад прадстаўніка кампаніі-партнёра ўніверсітэта «Інавацыйныя біятэхналогіі перапрацоўкі малака для практычнай нутрыцыалогіі», выконвала кейсы ў камандзе з іншымі ўдзельнікамі форуму, абараняла свой праект, і ў канцы нас чакала ўзнагароджанне дыпломамі ўдзельнікаў, - падзялілася Валерыя Юхно.