З 4 па 6 мая ў ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіў Рэспубліканскі грамадзянска-патрыятычны марафон "Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!", які быў закліканы сфарміраваць у моладзі актыўную грамадзянскую пазіцыю, узняць на новы ўзровень пачуццё патрыятызму, папулярызаваць сямейныя каштоўнасці і здаровы вобраз. жыцця.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка сустрэлася з арганізатарамі марафону, дзе былі падведзены вынікі маштабнай падзеі і намечаны планы на наступны год.
– Марафон «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!» – гэта свята жыцця, маладосці, сяброўства, вясны, патрыятызму і грамадзянскасці. Дзякуй за тыя эмоцыі, якія панавалі ў Купалаўскім універсітэце ў дні марафону! Арганізацыя такога маштабнага мерапрыемства была б немагчымай без вас, - адзначыла Ірына Фёдараўна ў звароце да арганізатараў і ўдзельнікаў марафону.
На сустрэчы рэктар выказала словы падзякі ўсім падраздзяленням, хто мае дачыненне да марафону. Ірына Фёдараўна адзначыла дакладную і зладжаную працу валанцёраў, дзякуючы якім каманды, якія прыбылі з іншых гарадоў, адчувалі сябе як дома.
- У нас сапраўды высокі ўзровень навыкаў валанцёрства, шмат у чым гэтаму спрыяў досвед працы рабят на II Еўрапейскіх гульнях. Мы паспяхова яго засвоілі і эфектыўна прымяняем, - адзначыла рэктар.
Таксама Ірына Фёдараўна адзначыла работу ўсіх структурных падраздзяленняў, якія маюць дачыненне да арганізацыі гэтага грандыёзнага мерапрыемства.
- Марафон атрымаўся такім выдатным, шмат у чым дзякуючы ўсім вам! Вядома, нам ёсць над чым папрацаваць, трэба правесці працу над памылкамі, але разам мы ўсё зможам, - звярнулася да ўсіх прысутных Ірына Фёдараўна.
У сваю чаргу ўдзельнікі і арганізатары марафону падзяліліся эмоцыямі і ўражаннямі. Яны адзначылі, што былі радыя стаць часткай маштабнай падзеі. Сустрэча завяршылася праглядам пераможнага творчага нумара каманды купалаўцаў і памятным фота.