Ужо на працягу многіх гадоў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з'яўляецца ўніверсітэтам-каардынатарам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. За мінулыя гады выпрацаваўся дакладны механізм арганізацыі ЦТ, але тым не менш, ніколі не будзе лішнім узгадаць, як усё павінна праходзіць.
Цэнтралізаванае тэсціраванне ў Купалаўскім універсітэце стартуе 14 чэрвеня. У сувязі з гэтым адбылася нарада, на якую сабраліся старшыні, намеснікі старшыняў і члены арганізацыйных камісій па правядзенні ЦТ у карпусах універсітэта.
- У Гродзенскай вобласці працуюць 4 пункты тэсціравання. Два з іх размешчаны ў раённых цэнтрах: у Лідзе, Ваўкавыску. І два - у Гродне: у нашым універсітэце і ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Час правядзення цэнтралізаванага тэсціравання заўсёды гарачы, і не толькі для абітурыентаў, таму важна яшчэ раз нагадаць тэхналогію правядзення, - расказаў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Удзельнікі нарады абмеркавалі ўсе моманты, якія датычацца правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, і гатовы старанна і якасна папрацаваць.
Усю падрабязную інфармацыю аб ЦТ можна знайсці на сайце факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.