13 чэрвеня 2022 года ва ўрачыстай абстаноўцы слухачам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых курсаў «Стандарт», «Адаптыў» і «Інтэнсіў», уручылі пасведчанні. Яшчэ адзін упэўнены крок на шляху прафесійнай рэалізацыі ў агляднай будучыні зроблены.
Празвінелі школьныя званкі, паспяхова здадзены выпускныя экзамены, засталося прымяніць назапашаны інтэлектуальны патэнцыял на цэнтралізаваным тэсціраванні. Event-special аб'яднала выпускнікоў 2022 года ўстаноў адукацый Гродна, якія на працягу 1-2 гадоў фармавалі імідж факультэта. Напрыклад, Арцём Козіч сёлета завяршыў падрыхтоўку ў рамках курсаў "Стандарт" і "Алімп" па 3 прадметах: рускай мове, фізіцы і матэматыцы, прадэманстраваўшы выдатныя вынікі; Юля Найден пачала інтэнсіўную падрыхтоўку з 10 класа і ў мінулым годзе паспяхова прайшла навучанне па матэматыцы на курсах "Алімп", а сёлета паказала выдатныя вынікі па рускай мове і па фізіцы.
З атрыманнем дакумента аб навучанні выпускнікоў павіншаваў дэкан факультэта Іосіф Дарняк: «Упэўнены, што атрыманыя веды дазволяць Вам дабіцца высокіх вынікаў на ЦТ і, адпаведна, дапамогуць рэалізаваць вашыя намеры ў паступленні на выбраныя вамі спецыяльнасці».
Дэкан уручыў лісты падзякі і памятныя падарункі лепшым выпускнікам-слухачам 2022 года. Да ведама, пасведчанні аб заканчэнні курсаў сёлета ўручаны 271 слухачу.
Са словамі прывітання ад імя ўсіх выкладчыкаў факультэта да слухачоў звярнулася Людміла Пузыня – старшы выкладчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі: «Сёння цудоўны дзень для вас і для нас, але і, разам з тым, сумны. Усё ж такі, растаемся», – сказала яна, звяртаючыся да выпускнікоў. - Мы любім і цэнім кожнага з вас, жадаем поспехаў і ўдачы. Не сумняваемся, усё ў вас атрымаецца.
Са словамі падзякі педагогам і цёплымі пажаданнямі на адрас выпускнікоў выступілі бацькі навучэнцаў. Да іх далучыліся і студэнты нашага ўніверсітэта, пажадаўшы выпускнікам паспяхова здаць уступныя іспыты і ўступіць у дружную сям'ю купалаўцаў.
У добры шлях, выпускнікі!