Адкрыты дыялог пад назвай "З моладдзю на роўных" адбыўся ў рамках Тыдня моладзі і студэнцтва, які праходзіць з 20 па 26 чэрвеня пад слоганам "Moladz.by: памятаем традыцыі, жывем сучаснасцю, імкнемся ў будучыню!".
З моладдзю размаўлялі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, а таксама дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі важнасць уцягвання моладзі ў эканамічныя і палітычныя працэсы. Мечыслаў Гой падкрэсліў, што любы малады чалавек можа звярнуцца па дапамогу ў рэалізацыі праектаў рознай накіраванасці. Ініцыятару абавязкова дапамогуць, бо моладзь - гэта скарбніца свежых і смелых ідэй.
Асабліва маладое пакаленне цікавілі пытанні арганізацыі ўласнай справы. Для гэтага ў нашым горадзе ёсць усе магчымасці. Як нагадаў Алег Шыраеў, у 2021 годзе Гродна быў прызнаны найлепшым горадам для вядзення бізнесу. Дарэчы, больш за трэць гарадскога бюджэту папаўняецца дзякуючы прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама малому і сярэдняму бізнесу. У горадзе над Нёманам працуюць установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Вялікі ўклад робіць дзейнасць Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы. Таксама студэнты паспяхова навучаюцца ў Купалаўскай Студыі праектаў і стартапаў.
Адкрыты дыялог ішоў на працягу дзвюх з паловай гадзін. Маладыя людзі абмяняліся меркаваннямі і ідэямі з мясцовымі ўладамі, атрымалі разгорнутыя і кампетэнтныя адказы на пытанні. Меркаваннем аб сустрэчы падзяліўся студэнт 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Вадзім Гунько, які з'яўляецца старшынёй Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.
- Сустрэчы, круглыя сталы і адкрытыя дыялогі з прадстаўнікамі органаў улады павінны быць запатрабаваны ў грамадстве. Бо абмен вопытам - гэта залог развіцця і стварэння. Наведваючы такія сустрэчы, моладзь можа быць пачута, унесці свае прапановы, ідэі, і яны будуць успрыняты з усёй сур'ёзнасцю, - адзначыў Вадзім Гунько.