Кубак Беларусі праходзіў у канцы чэрвеня ў Баранавічах. Прымалі ўдзел чатыры каманды: "Рытм" (Гродна), "Вікторыя" (Смалявічы), "Мінск", "Тэкстыльшчык-БарДУ" (Баранавічы). У складзе каманды, якая стала ўладальніцай Кубка краіны, былі нашы студэнткі факультэта фізічнай культуры Ксенія Кутай, Агнэса Навіцкая, Аляксандра Слівінская.
У першы дзень турніру гродзенская каманда ва ўпартай барацьбе адолела смалявіцкую Вікторыю з лікам 5:3. Другі дзень атрымаўся яшчэ больш складаным, аднак фартуна была на баку нашай каманды, паведамляецца на сайце ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
У серыі булітаў «Рытм» аказаўся больш удачлівым за хакейны клуб «Мінск». Застаўся ўсяго адзін крок да перамогі ў кубку, і гродзенская дружына змагла яго здзейсніць, абыграўшы ў апошні дзень Тэкстыльшчык-БарДУ з лікам 5:1.
Нагадаем, што акрамя кубка Беларусі ў гэтым сезоне хакейны клуб "Рытм" выйграў нацыянальны чэмпіянат па індархакеі і хакеі на траве.